Улады ліквідуюць «Гродзенскі рок-клуб», які заснаваў палітвязень Ігар Банцар

Культурна-асветніцкая ўстанова "Гродзенскі рок-клуб" знаходзіцца ў стане ліквідацыі. Так вырашыў Гродзенскі гарвыканкам 23 ліпеня, паведамляе hrodna.life. Заснаваў рок-клуб у 2014 годзе лідfр гурта "Mister X" Ігар Банцар. Цяпер ён адбывае "хімію".

bancer_ihar_1.jpg


Культурна-асветніцкая ўстанова "Гродзенскі рок-клуб" была зарэгістравана Гродзенскім гарвыканкамам 23 траўня 2014 года. Яго дырэктарам быў Ігар Банцар.
Ігару Банцару 41 год. Ён — лідар гарадзенскага стрыт-панк-гурта Mister X. жанаты, трое дзяцей. Вегетарыянец, антыфашыст, стрэйтэйджэр.
Ігара затрымалі 20 кастрычніка 2020 года і абвінавацілі ў хуліганстве за танец у стрынгах перад міліцыянтам 5 верасня. Ігара заключылі пад варту, трымалі ў адзіночнай камеры, адпраўлялі на прымусовую псіхіятрычную экспертызу ў Мінск, змяшчалі ў карцэр.
Суддзя Наталля Козел 19 сакавіка прызнала Ігара Банцара вінаватым у хуліганстве і прысудзіла яму 1,5 года абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. З улікам знаходжання пад вартай Ігару засталося адбыць восем месяц пакарання. Ён адбывае іх у Віцебску.


Рок-клуб развіваў некамерцыйную мастацкую творчасць, падтрымліваў Аматарскае мастацтва і творчую ініцыятыву. Накіраваны ён быў на міжнароднае супрацоўніцтва. У прыватнасці, арганізоўваў выступленні замежных гуртоў у Беларусі і дапамагаў беларускім групам выязджаць за мяжу, каб там прадставіць сваю творчасць.