Уладзімір Хільмановіч: Дзяржава экстрэмальнага экстрэмізму
Ад забароны кніг і колераў — да забароны слоў. Пра гэта разважае ў сваім блогу Уладзімір Хільмановіч: «Слова "чырвоны" можа яшчэ і застанецца, а вось "белы" пачнуць выкараняць, абвясціўшы яго экстрэмісцкім».
«Каб зло спыніць – сабраць бы кнігі ўсе й спаліць!» – заклікаў літаратурны герой адной даўняй камедыі. Прозвішча персанажа было Фамусаў, а ягоны светагляд лічыўся сімвалам рэакцыйнасці. Сучасная фаМУСаўшчына ў Беларусі набліжаецца не толькі да ідэала таго героя, але і да традыцый Расейскай імперыі 18-19 стагоддзяў, калі паліліся кнігі, нават царкоўныя выданні. Прыкметай тагачаснага экстрэмізму лічыўся не толькі крамольны змест, але і нават лацінскі альфабэт. Цяперашнія цэрберы накідваюцца на ўсё, што звязанае з бел-чырвона-белай сімволікай. Паўтара гады «палявалі» на людзей з найдрабнейшай прыкметай «няправільных» колераў, нават у адзенні. Зараз жа ўзяліся і за кнігі.
У гісторыю юрыдычнага абсурду 21 стагоддзя захацеў увайсці суд Ленінскага раёна Гародні, які прызнаў кнігу «Военная история Беларуси. Герои. Символы. Цвета» экстрэмісцкай. Разгляд ініцыявала гарадзенская пракуратура. Гісторыя змагання з творамі ваеннага гісторыка Віктара Ляхора пачалася яшчэ ў чэрвені 2021 года, калі Міністэрства культуры даслала ліст у школы і бібіятэкі з патрабаваннем прыбраць згаданую кнігу аўтара, а таксама яго ж энцыклапедыю «Военная символика белорусов. Знамёна и мундиры» з фондаў і электронных каталогаў. Выданні не ўратавала нават расейская мова аўтара.
Найбольш займальнае ў гэтай абсурдальнай гісторыі тое, што згаданы геральдыст і вексілолаг раней быў абраны ў склад Геральдычнай рады пры прэзідэнце Беларусі, ёсць сябрам Міжнароднага саюза дызайнераў. Ён распрацоўваў сімволіку для шматлікіх дзяржаўных структур і органаў, у тым ліку сілавых. Менавіта яму належыць аўтарства эмблемаў структур МУС (ДАІ, АМАП, ГУБАЗіК, Дэпартамент аховы) ды іншых. Ці не пара прыгледзецца і да колераў гэтых эмблемаў?!
Трэба меркаваць, што,
пакончыўшы з выявамі так ненавісных ім спалучэнняў белага і чырвонага колераў,
доблесныя сілавыя структуры пяройдуць і да самых слоў. Слова «чырвоны» можа
яшчэ і застанецца, а вось «белы» пачнуць выкараняць, абвясціўшы яго
экстрэмісцкім. РБ – дзяржава экстрэмальнага экстрэмізму.
Радыё Рацыя