«Перадайце ў інтэрнэт, што жанчына ў 78 год выйшла са сцягам». За гэта мінчанку аштрафавалі на 1920 рублёў
У Дзень Волі інтэрнэт узрушыла фота старэнькай жанчыны, якая з кіёчкам выйшла з бел-чырвона-белым сцягам і села на лаўцы каля пад'езда. Тая мінчанка — Алена Аляксееўна Кандрашэвіч. Ёй 78 гадоў. І за свой учынак яна атрымала ад лукашыстаў велізарны штраф — 1920 рублёў. «Я дзіця вайны. Добры падарунак мне да Дня Перамогі», — уздыхае яна ў размове з праектам «1906».
У Дзень Волі Алена Аляксееўна накінула сцяг на плечы і выйшла на лаўку каля дома.
«Сяджу, думаю: як людзі будуць рэагаваць, што я са сцягам.
Адзін мужчына павіншаваў: «Са святам!». Другі сказаў грэбліва: «Сядзіць з нейкім
сцягам». А пасля — чатыры міліцыянты. Я сабралася ісці дадому — а яны не
пускаюць мяне. Кажу: «Я есці хачу, пусціце».
Пасля прыехала шэсць міліцыянтаў у аўтобусіку і павезлі мяне
ў Кастрычніцкае РУУС. Я расказвала ім: «Я ж нічога дрэннага не рабіла, памінала
тых людзей, якія змагаліся за незалежнасць Беларусі».
Дадала: «Лукашэнка прысягу прымаў пад бел-чырвона-белым сцягам». «Ну тады іншага не было», — запярэчылі мне.
Я кажу: «Праз два гады, калі буду жывая, буду героем
Беларусі».
Яны склалі пратакол: што я без дазволу гарвыканкама
пікетавала.
Пасля ўчастковы павёз мяне дадому. Пытаўся: «Дзе ўзяла
сцяг?». Кажу: «Мне яго падарыў райвыканкамаўскі работнік». Просіць: «Падарыце
мне». Адказваю: «Я гэты сцяг нікому не аддам!».
Пазней, кажа, даведалася, што заклаў яе мужчына, які пражывае ў іх доме.
12 красавіка міліцыянты зноў прыйшлі да жанчыны —
паведаміць, што ёй трэба ў суд. Алена Аляксееўна засталася дома — баялася, што
праз хворыя ногі проста не дойдзе. А праз колькі дзён атрымала ліст з судовым
рашэннем: ёй выпісалі штраф у 1920 рублёў.
«Мой унучаты пляменнік пазычыць грошы, і заплацім, каб за
месяц паспець і пені не было. Бо ў самой мяне такіх грошай на руках няма, я
адзінокая», — уздыхае Аляксееўна.
Яна нарадзілася ў 1943 годзе.
«Мы жылі на Старажоўцы, на Крапоткіна. У маі 1943 года
руская лётчыца кінула бомбу і трапіла ў барак. Бабулі руку адарвала, і яна
памерла. А маці была цяжарная мной, і я, сямімесячная, нарадзілася раней за
час», — расказвае жанчына.
У 19 гадоў яна паступіла ў «ін’яз». У гэты ж год яе разам з іншымі студэнтамі адправілі на бульбу — пасля той паездкі жанчына на чатыры месяцы трапіла ў бальніцу.
«Я гарадская — не надта ўмела тую бульбу выбіраць, у свіран
папрасілася. Там чатыры дзяўчыны патрэбны былі машыну зярном загрузіць. А мяшкі
ж па 100 кілаграмаў. Я пасля гляджу і разумею, што амаль не бачу. Пайшла ў
оптыку, доктар мяне паглядзела і адразу накіравала ў бальніцу. У мяне здарылася
адслаенне сятчаткі. Дзве аперацыі пасля было, вока перастала бачыць.
Дактары толькі лёгкую працу дазволілі. І нараджаць тады было
нельга».
Замуж Алена Аляксееўна так і не выйшла.
Дзясяткі гадоў яна адпрацавала тэхнічным сакратаром у газеце
«Звязда», толькі два гады таму, у 76 гадоў, звольнілася — здароўе зусім
падвяло, абвастрыўся артроз суставаў.
У цяжкія часы, калі незалежную прэсу выкідалі з «Белсаюздруку», Алена Аляксееўна таксама дапамагала разносіць газеты падпісчыкам. У сваім раёне, у Курасоўшчыне, нягледзячы на кепскі зрок і хворыя ногі.
Да бел-чырвона-белага сцяга ў яе асаблівыя пачуцці.
«Я калі першы раз пабачыла яго, плакала. І так, як убачу яго
дзе — наогул не магу, раву. У жыцці б я не падумала, што столькі сцягоў будзе,
калі гэтыя маршы праходзілі — ай-ай-ай!» — згадвае ўражанні Алена Аляксееўна.
«Маё пажаданне, каб вы ў інтэрнэт перадалі: што старая жанчына ў 78 гадоў 25 Сакавіка выйшла са сцягам на лаўку. Што такія ёсць», — просіць яна. І спадзяецца, што ў яе хопіць здароўя дажыць да наступнага мора бел-чырвона-белых сцягоў.