Умовы як і ў 1940-х

Праваабаронца Алег Волчак праз суд і спецдакладчыка ААН спрабуе дамагчыся змены ўмоў утрымання ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП) у Мінску.
 

Сёлета былы следчы, воін-афганец, праваабаронца Алег Волчак двойчы пабываў у ЦІПе быццам бы за нецэнзурную лаянку. Ён кажа, што ўмовы ўтрымання ў ізалятары жахлівыя, але, нягледзячы на кантынгент, які там часта знаходзіцца, ніхто не дае права здзекавацца з людзей. Тым больш ёсць Палажэнне аб матэрыяльным забеспячэнні такіх месцаў, у якім прапісана, што мусіць быць штодзённая прагулка, ложак, коўдра, кожны дзень гарачая вада. «Пасля першай ночы на Акрэсціна я запатрабаваў ложак, коўдру. А мне адказалі, што гэтага няма, хаця ёсць вызначаныя правілы. Я напісаў тры заявы, але адказу на іх так і не атрымаў. І вось пасля выхаду з ЦІПа з калегамі з кампаніі «Праваабаронцы супраць катаванняў» мы напісалі адмысловы ліст спецдакладчыку па катаваннях ААН», — распавядае Волчак.
Праваабаронца падаў іск у суд на парушэнне сваіх правоў. Канешне, яму адмовілі, абгрунтаваўшы тым, што гэтым мусіць займацца ЦІП. У верасні ў гарадскім судзе будзе слухацца скарга аб адмове завесці грамадзянскую справу з прычыны абразы годнасці і гонару і адмовы закрыць ЦІП на Акрэсціна да часу, пакуль ён не будзе прыведзены ў адпаведнасць не тое што з міжнароднымі нормамі, а хаця б з беларускім заканадаўствам.
Начальнік аддзела наглядна-выканаўчай дзейнасці ГУУС Купчэня паведаміў праваабаронцу: праверкай па яго скарзе ўстаноўлена, што службовая дзейнасць цэнтра «будуецца на аснове дзеючага заканадаўства пры наяўнасці прынцыповага падыходу да пытанняў кантролю за працай падначаленых». І быццам бы з боку ГУУС праводзяцца мерапрыемствы, «накіраваныя на паляпшэнне ўмоў утрымання адміністрацыйна арыштаваных і адміністрацыйна затрыманых асоб у ЦІП». Для гэтага ўжо распрацаваны праект рэканструкцыі і мадэрнізацыі будынка цэнтра. Выкананне будаўніча-мантажных работ запланавана на другую палову 2012 года. Аднак Алег Волчак мяркуе, што гэта тыповыя «адмазкі», бо да канца года не так многа часу, а рамонтных прац ніхто і не думаў распачынаць. Паводле дакументаў, рэканструкцыя планавалася яшчэ ў 2009 годзе.
«Я звярнуўся ў апошняй заяве да генпракурора, бо пракуратура горада ігнаруе мае скаргі, і яе супрацоўнікі ні разу не прыйшлі праверыць скаргі ды паглядзець на свае вочы, ці ёсць там ложкі, коўдры, ці выдаюць затрыманым хаця б кавалак мыла ды туалетнай паперы, — тлумачыць Алег Волчак сваю настойлівасць. — Для вязняў ЦІПа забароненыя харчовыя перадачы, вада іржавая, памыцца няма дзе, пацукі бегаюць. Уявіце сабе, як там смярдзіць, калі людзі па 10–15 сутак знаходзяцца ў камеры! Мы спалі ў вопратцы, галаву замотвалі анучай, каб не праскразіла. Пасля войска я навучаны, што захаваць ад холаду ногі дазваляе такі метад: заматаць ногі ў газеты і цэлафанавы пакет. Я чытаў кнігу Сяргея Пясецкага пра турму 1940-х гадоў, дык вось нічога не змянілася ва ўмовах утрымання за гэты час!»