Арнітолагі збіраюць грошы на абсталяванне для станцыі кальцавання
Беларуская станцыя кальцавання птушак «Сасновы Бор» збірае грошы, каб набыць неабходнае абсталяванне — сеткі і кольцы. Пасля гэтага арнітолагі змогуць пачаць працу напаўніцу. Дапамагчы гэтаму некамерцыйнаму праекту можа любы жадаючы.
Станцыя кальцавання птушак «Сасновы Бор» знаходзіцца на хутары ў Расонскім раёне на тэрыторыі заказніка «Чырвоны Бор». Адлоў і кальцаванне птушак тут праводзяць з 2014 года. За гэты час спецыялісты акальцавалі звыш 20 тысяч птушак больш за 100 відаў. Дзякуючы станцыі да спісу птушак Беларусі дадалі два новыя віды — пеначкуі-зарнічку і аўсянку-дробку.
Станцыя пастаянна працавала з канца жніўня па канец лістапада, у астатні час года — калі ў кальцавальнікаў з’яўлялася магчымасць.
У мінулым годзе на станцыі пабудавалі «кальцавальню» — невялікі ўтульны домік. У ім навукоўцы і займаюцца сваімі птушкамі «кліентамі». За свае сродкі арнітолагі таксама купілі сучаснае абсталяванне для вымярэння і ўзважвання птушак, заціскання кольцаў, пашылі мяшэчкі для пераносу птушак і г.д.
— Мы ўжываем розныя методыкі для адлову. Так, акрамя дробных птушак, нам вельмі цікавыя дзённыя драпежнікі і совы, — растлумачыў кіраўнік праекта па зборы сродкаў на куплі абсталявання для станцыі кальцавання, арнітолаг Навукова-практычнага цэнтра па паляўніцтвазнаўстве і кіраванні рэсурсамі дзікіх жывёл паляўнічай гаспадаркі «Чырвоны Бор» Дзяніс кіцель. — Усё робім максімальна беражліва для птушак. Птушку вымяраем, узважваем, чысцім ад экзапаразітаў, апранаем ёй кольца — і адпускаем на волю.
Па словах арнітолага, на станцыі ў Расонскім раёне навукоўцы захоўваюць усе сабраныя дадзеныя: па фенолагі пралёту, па пераадловах і працягласці жыцця птушак, аб замежных зваротах, аб новых і рэдкіх для краіны відах.
У гэтым годзе навукоўцы-арнітолагі і валанцёры, якія ім дапамагаюць, плануюць пачаць працу на станцыі 1 жніўня і завяршыць пазней чым звычайна — у снежні.
— Але, уласна, прафесійныя кальцавальнікі таксама з’яўляюцца валанцёрамі — ніхто з нас не атрымлівае зарплаты за тое, што мы робім, — заўважае Дзяніс Кіцель.
Але для таго, каб станцыя запрацавала на поўную моц, трэба купіць сеткі і кольцы. На гэта трэба 2400 рублёў.
— Неабходнае абсталяванне магчыма набыць толькі за мяжой. Кошт адной сеткі — 60 еўра, сотня кольцаў каштуе 4-6 еўра, — кажа кіраўнік праекта. — Раней мы трацілі на куплю абсталявання свае зберажэнні, перыядычна нам дапамагаў Цэнтр кальцавання птушак пры НПЦ па біярэсурсах Нацыянальнай акадэміі навук. Але аб’ём працы па кальцаванні павялічыўся, і мы зразумелі: далей на сваіх плячах цягнуць усё гэта складана. Цяпер для нармальнай працы на працягу сезона трэба каля 20 сетак і 30 тысяч кольцаў. Гэта расходнікі, якія пастаянна неабходна аднаўляць. Так, сеткі хапае звычайна на адзін-два сезоны.
Дзяніс Кіцель звяртае ўвагу, што закаханыя ў прыроду кальцавальнікі ў Расонскім раёне працуюць «не толькі дзеля ўласнага задавальнення, але і дзеля навукі»:
— Хочам, што беларускія арнітолагі былі хаця б на еўрапейскім узроўні. І ў дадзены момант мы ў такім становішчы, што вымушаныя звярнуцца па дапамогу да ўсіх, хто ўбачыць у нашай ініцыятыве карысць для краіны і навуковай супольнасці.
Збор сродкаў ідзе на краўдфандынгавай платформе «Талака». Дапамагчы праекту па набыцці абсталявання для станцыі кальцавання «Сасновы Бор» можна тут.
Паводле news.tut.by