Установы аховы здароўя прадаставяць падаткавікам звесткі пра лячэнне «дармаедаў»

Установы аховы здароўя прадаставяць падаткавікам звесткі пра лячэнне «дармаедаў», каб гэтым людзям неабгрунтавана не прапаноўвалі заплаціць збор на фінансаванне дзяржаных выдаткаў. Праўда, толькі ў тым выпадку, калі грамадзяне дадуць на гэта пісьмовую згоду.

Фота: БЕЛТА

Фота: БЕЛТА


Як інфармуе прэс-служба Міністэрства аховы здароўя, дамоўленасць «аб неабходнасці зняцця сацыяльнай напружанасці па пытаннях рэалізацыі нормаў дэкрэта № 3» была дасягнутая зацікаўленымі дзяржорганамі яшчэ ў лістападзе 2016 года. Мэта — выключыць выпадкі, калі патрабаванні заплаціць збор прыходзяць людзям, якія ў 2015 годзе перанеслі пэўныя захворванні ці мелі траўмы, а таксама жанчынам, якія знаходзяцца пад меднаглядам падчас цяжарнасці, родаў і ў пасляродавы перыяд.
Аляксандр Лукашэнка падпісаў дэкрэт №3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства» («дэкрэт аб дармаедах») у красавіку 2015-га. Дакумент закліканы стымуляваць удзел працаздольных беларусаў у працоўнай дзейнасці, у фінансаванні дзяржаўных выдаткаў. Беларусы, якія не ўдзельнічаюць у фінансаванні дзяржаўных выдаткаў (альбо калі ўдзельнічаюць, то менш за 183 каляндарныя дні на год), мусяць заплаціць збор. Падаткавікі на канец 2016 года па пошце адправілі паведамленні пра гэта ўжо 252 тысячам «дармаедаў».