«Вагнераўцы» на мяжы з Літвой — чарговы ўкід?
У тэлеграм-каналах увечары з’явілася відэа, дзе людзі ў камуфляжы, нібы «вагнераўцы», на мяжы з Літвой дастаюць з машыны нешта, што нагадвае кейсы ад дронаў. Але відэа, верагодна — падробка.
Учора, 10 жніўня, увечары ў тэлеграм-каналах пачалі распаўсюджвацца скрыншоты і відэа ад людзей, якія нібыта «ехалі да бацькоў жонкі ў вёску і знялі групу з 4-х мужчын, якія нешта выгружалі».
На відэа паказаны чорны Volkswagen Touareg, на якім можна разгледзець нумары, падобныя на нумарныя знакі так званай «ЛНР», а каля машыны група мужчын у вайсковай форме выгружае нейкія скрыні, што могуць быць кейсамі для квадракоптараў.
На першы погляд, адзначае праект беларускіх расследавальнікаў, выглядае ўсё досыць праўдападобна, але ёсць шэраг фактараў, якія паказваюць на тое, што гэта чарговы фэйк.
1. Заяўлялася, што відэа знята ў раёне вёскі Галавенчыцы, што ў Гродзенскай вобласці. На ім відаць, што неба яснае, амаль няма аблокаў. Аднак за 20 кіламетраў ад яе знаходзіцца літоўскі Друскінінкай, дзе на працягу ўсяго дня назіралася больш пахмурнае надвор'е.
2. Карыстальнік, які рассылаў гэта відэа беларускім СМІ, зарэгістраваўся ў Telegram усяго месяц таму — і ўжо мяняў нікнэйм, а яшчэ тое, што многім СМІ ад яго прыйшло ўсяго два паведамленні. І ў першым ён прапаноўваў апублікаваць відэа з украінскіх каналаў, дзе нібыта засняты «вагнераўцы» ў Цэлі.
3. Абодва відэа ад гэтага карыстальніка маюць шэраг дзіўных супадзенняў, хоць знятыя, па яго словах, у зусім розных месцах. На двух відэа прысутнічае група з 3-х мужчын і на двух відэа ёсць Volkswagen Touareg чорнага колеру.