Віцебск: суд над незалежнай журналісткай
Журналістку Алену Сцяпанаву вінавацяць у парушэнні заканадаўства аб СМІ. У міліцыі лічаць, што яна супрацоўнічае з замежным СМІ без акрэдытацыі. Сцяпанавай пагражае штраф 20 да 50 базавых велічыняў.
9 ліпеня журналістка разам з адвакатам наведала міліцыю Кастрычніцкага раёну Віцебска, дзе старшы інспектар аддзелу аховы правапарадку і прафілактыкі Сяргей Вяракса
азнаёміў яе з пратаколам.
Кастрычніцкі РАУС Віцебска завёў супраць Сцяпанавай адміністратыўную справу. Міліцыянты сцвярджаюць, што Алена на працягу доўгага перыяду «ажыццяўляла прафесійную дзейнасць
журналіста замежнага СМІ „Радыё Свабода“ без адпаведнай акрэдытацыі».
«У матэрыялах справы, якія перадаюцца ў суд, сярод доказаў ёсць і такія: маўляў, міліцыянты бачылі, што я прысутнічала ў судах над актывістамі і нешта запісвала ў сваім блакноце», — кажа Сцяпанава. — «Альбо нехта бачыў, што я званю па тэлефоне і расказваю пра падзеі «нявысветленым асобам». З гэтага яны робяць выснову, што я супрацоўнічаю з Радыё «Свабода».
Журналістка адмовіліся даваць тлумачэнні, пры гэтым яна спаслалася на 27-мы артыкул Канстытуцыі, які дае чалавеку права не сведчыць супраць самога сябе.
У жніўні 2012-га віцебская абласная пракуратура папярэдзіла Сцяпанаву за супрацоўніцтва з «чэшскай рэдакцыяй Радыё „Свабода“». Хаця такога
СМІ і не існуе, аспрэчыць санкцыю журналістцы тады не ўдалося, адзначае Беларуская асацыяцыя журналістаў.