Незалежную журналістку будуць судзіць за «супрацоўніцтва з замежным СМІ»
Віцебскую сябру ГА «БАЖ» Алену Сцяпанаву вінавацяць у парушэнні заканадаўства аб СМІ. У міліцыі лічаць, што Алена супрацоўнічае з замежным СМІ без акрэдытацыі.
Алена Сцяпанава
9 ліпеня журналістка разам з адвакатам наведала Кастрычніцкі РАУС Віцебска, дзе старшы інспектар аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Сяргей Вяракса азнаёміў яе з пратаколам.
Паводле дакумента, Кастрычніцкі РАУС завёў супраць яе адміністратыўную справу па арт. 22.9 ч. 2 КаАП. Міліцыянты сцвярджаюць, што Алена на працягу доўгага перыяду «ажыццяўляла прафесійную дзейнасць журналіста замежнага СМІ “Радыё Свабода” без адпаведнай акрэдытацыі».
«У матэрыялах справы, якія перадаюцца ў суд, сярод доказаў ёсць і такія: маўляў, міліцыянты бачылі, што я прысутнічала ў судах над актывістамі і нешта запісвала ў сваім блакноце, — распавяла прэс-службе ГА “БАЖ” Алена. — Альбо нехта бачыў, што я званю па тэлефоне і расказваю пра падзеі “нявысветленым асобам”. З гэтага яны робяць выснову, што я супрацоўнічаю з Радыё “Свабода”...»
Журналістка адмовіліся даваць тлумачэнні, спаслаўшыся на арт. 27 Канстытуцыі, які дае чалавеку права не сведчыць супраць самога сябе.
У жніўні мінулага года Алене Сцяпанавай абласная пракуратура вынесла папярэджанне за супрацоўніцтва з «чэшскай рэдакцыяй Радыё «Свабода». Хаця такога СМІ і не існуе, аспрэчыць санкцыю журналістцы тады не ўдалося.
12 ліпеня справу Алены будзе разглядаць Кастрычніцкі райсуд Віцебска, пачатак а 15-й гадзіне. У выпадку прызнання журналісткі вінаватай ёй можа пагражаць штраф у памеры ад 20 да 50 базавых велічыняў.
***
Нагадаем, што ў студзені 2013 года кіраўнікі БАЖ перадалі ў Пастаянную камісію па правах чалавека, нацыянальных зносінах і СМІ прапановы па змяненні закона «Аб СМІ». Адзін з пунктаў тычыўся менавіта інстытуту акрэдытацыі, які ў сённяшнім законе мае дазвольны характар.
«Акрэдытацыю журналістаў замежных СМІ мы лічым яўным парушэннем заканадаўства аб СМІ і міжнародна-прававых абавязальніцтваў Беларусі, — тлумачыў пазіцыю арганізацыі Андрэй Бастунец. – Мы прапануем прыбраць з закона забарону на дзейнасць журналіста без акрэдытацыі. На нашу думку, акрэдытацыя можа прымяняцца ў тых выпадках, калі інтарэс СМІ перавышае фізічныя магчымасці яго задаволіць — напрыклад, калі памеры памяшкання не могуць змясціць усіх зацікаўленых журналістаў і г.д. Толькі ў такіх выпадках яна мае сэнс. Акрэдытацыя не павінна быць дазволам на журналісцкую дзейнасць...»
Дэпутаты, спаслаўшыся на меркаванне Міністэрства інфармацыі, адказалі, што ўносіць змены ў заканадаўства «немэтазгодна».