Жлобін: памылка прызнана, а судовы іск не задаволены
Суддзя Жлобінскага раённага суда Сняжана Галавенчык адмовіла ў задавальненні іску праваабаронцы Леаніда Судаленкі на карысць работніцы Беларускага металургічнага завода (БМЗ) Марыі Міраеўскай з патрабаваннем спагнаць з яе працадаўцы пенсію больш чым за чатыры гады.
— Мне зусім не зразумела такое рашэнне суда, — кажа Леанід Судаленка, які прадстаўляў на судзе інтарэсы прыбіральшчыцы завода Марыі Міраеўскай. — На судовым пасяджэнні прысутнічаў юрыст БМЗ, які прадставіў суду ліст за подпісам генеральнага дырэктара БМЗ, у якім было сказана, што супрацоўнікі завода дапусцілі памылку, а таму пенсія іх супрацоўніцы павінна быць залічана. Але чамусьці суддзя адмовіла ў нашым законным патрабаванні.
Праваабаронца чакае матывіровачнай часткі на прысуд, пасля чаго плануе звяртацца з касацыйнай скаргай у Гомельскі абласны суд.
— Калі і гэта не дапаможа, мы будзем звяртацца ў вышэйшыя інстанцыі, у тым ліку ў Вярхоўны суд, — кажа Леанід Судаленка.
Нагадаем, у траўні гэтага года праваабаронца падрыхтаваў і падаў пазоў у суд Жлобінскага раёна на карысць работніцы Беларускага металургічнага завода (БМЗ) Марыі Міраеўскай з патрабаваннем спагнаць з яе працадаўцы пенсію больш чым за чатыры гады. Жанчына не ведала, што па дасягненні 50 гадоў ёй павінна была быць налічана пенсія, а працадаўца «ўпусціў» дадзены факт, у выніку чаго работніца не атрымала за гэты час больш як 77 мільёнаў рублёў.