Баранавіцкі суд падтрымаў райвыканкам у забароне Мілавідскага фэсту
Сёння ў судзе Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы адбыўся працяг судовага пасяджэння па скарзе актывіста грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Вячаслава Болбата на дзеянні Баранавіцкага райвыканкама, які, на думку грамадскага актывіста, 3 і 20 мая 2013 года двойчы незаконна забараніў адукацыйна-культурніцкае мерапрыемства «Мілавідскі фэст — памяці касінераў 1863 года».
Суддзя Вера Углік прызнала дзеянні Баранавіцкага райвыканкама законнымі ў справе забароны правядзення Мілавідскага фэсту і адмовіла ў задавальненні скаргі Вячаслава Болбата на дзеянні дзяржаўнага органа.
У судовых спрэчках Вячаслаў Болбат зноў адзначыў, што арганізатары культурніцкага свята выканалі ўсе патрабаванні заканадаўства, а райвыканкам зрабіў усё, каб адмяніць сваё запланаванае свята ля мілавідскіх помнікаў і забараніць яшчэ прадстаўнікам дэмакратычнай грамадскасці правесці культурніцкі фэст, прысвечаны 150-м угодкам паўстання 1863 года. Ён прасіў суд прызнаць незаконным рашэнне Баранавіцкага райвыканкама ад 20.05.2013г. аб забароне правядзення Мілавідскага фэсту 9 чэрвеня.
Намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Дзмітрый Варвашэня настойваў, што менавіта заяўнікі парушылі арт. 5 Закона «Аб аб масавых мерапрыемствах у РБ» і не заключылі новыя дамовы з раённай міліцыяй, паліклінікай і ЖКГ.
— Дзіўная рэч. Навошта заключаць новыя дамовы, калі мы накіравалі ў райвыканкам ліст не на новае мерапрыемства, а толькі прасілі перанесці дату запланаванага фэсту з 2-га на 9-га чэрвеня. Змест заявы і форма мерапрыемства не змяніліся. Новую заяву разглядала і падпісала тая ж дзяржаўная асоба, што і ранейшую. Мы цэлы месяц бегалі за раённымі чыноўнікамі, каб заключыць дамовы з міліцыяй, паліклінікай і ЖКГ. Яны мабыць хочуць, каб мы яшчэ месяц абівалі парогі дзяржаўных кабінетаў, каб замест стваральнай працы павязлі ў гэтай бюракратычнай цяганіне, — паведаміў Вячаслаў Болбат.