Viva Victoria і «сонечны дубль»

Вяртанне лепшай тенісісткі Беларусі Вікторыі Азаранкі ў вышэйшую кагорту сусветнага тэніса можна назваць трыумфальным. Трэцяя перамога ў прэстыжных турнірах ад пачатку года, выйгрыш у першай ракеткі свету ў фінале ў Індыян-Уэльсе і чаканая фінальная вікторыя над Святланай Кузняцовай у Маямі. Бравісіма, Віка!

346509.jpg


Статыстыка выступленняў нашай Вікі сёлета проста ўражвае. У 23 гульнях толькі адна параза, праўда, крыўдная, на турніры Вялікага Шлема ў Аўстраліі ад Ангелікі Кербер (Германія), якая з’яўляецца трэцяй ракеткай свету. Кербер і перамагла на тым турніры. Дагэтуль Віка не саступала ёй ні воднага разу, і вось такая «асечка». Але ў Маямі наша прыма ўзяла рэванш, а потым і выйграла ўвесь турнір.
Спартовыя аналітыкі прадказвалі, што ў амерыканскім Маямі Азаранка можа паўтарыць «сонечны дубль» (калі адна і тая ж тэнісістка запар перамагае на двух важных турнірах «Прэм’ер» у Індыян-Уэльсе і Маямі). Гэта неверагодныя дасягненні, якія раней атрымалася здзейсніць толькі легендарнай немцы Эстэфаніі (Штэфі) Граф і выбітнай бельгійны Кім Кляйстэрс (чамусьці многія называюць яе прозвішча як Клійстэрс). Хоць пра магчымую перамогу беларускі перад фінальнай гульнёю нашы айчынныя спецыялісты казалі вельмі ясцярожна, каб не сурочыць.
Але 2 красавіка ніякія сурочанні не спрацавалі. Віка ўпэўнена перамагла расіянку Святлану Кузняцову, якая, дарэчы, выбіла з турніру першую ракетку свету Сярэну Уільямс.
Азаранка вяртаецца ў сваю лепшую форму. Яна ўжо набыла ўпэўненасць. «Для мяне важна, як я сябе адчуваю, зараз я не баюся нікога», — казала Віка яшчэ падчас папярэдняга турніра ў Індыян-Уэльсе. І гэтыя словы аказаліся не пустою бравадаю. Фінальная гульня з Сярэнай Уільямс пацвердзіла гэтыя словы, і Віка стала першай у гісторыі тэнісісткаю, якая перамагла Сярэну ў чатырох фіналах турніраў WTA.
У Маямі Віка паквіталася і з Ангелікай Кербер, узяўшы рэванш за прыкры пройгрыш у Сіднэі, а потым даказала, што яе першая сёлетняя перамога за амаль тры апошнія гады ў трунірах WTA (Брысбен, Аўстралія) не была выпадковасцю.
Пасля перамогі ў Маямі Віка Азаранка ўвайшла ў пяцёрку лідараў сусветнага тэнісу (агульны рэйтынг), а таксама ачоліла чэмпіёнскую гонку 2016 года. Варта адзначыць важнасць апошняй, бо менавіта зараз вырашаецца, хто будзе гуляць на алімпіядзе ў бразільскім Рыа. Тое, што Беларусь там будзе прадстаўляць наша тэнісная прыма, амаль відавочна. Галоўнае, каб не здарылася нечаканасцей.
А ўвогуле, віва, Вікторыя! Чакаем ад цябе новых яскравых пермогаў і твайго новага  выхаду на першае месца ў сусветнай табелі аб рангах. Удачы і здароўя, Віка!