«Вясна»: Вызвалілі Дзяніса Урбановіча, Віталя Трыгубава і Сяргея Мацкойця
Вызвалілі лідара «Маладога фронта» Дзяніса Урбановіча, прэс-сакратара «Маладога фронта» Віталя Трыгубава і актывіста «Еўрапейскай Беларусі» Сяргея Мацкойця, паведамляе «Радыё Свабода» са спасылкай на праваабарончы цэнтр «Вясна».
Іх затрымалі 26 жніўня ў Ветцы Гомельскай вобласці. Паведамлялася, што Урбановіча падазравалі ў арганізацыі масавых беспарадкаў у Мазыры ў жніўні 2020 года.
Пра гэта ў той жа дзень паведамілі сваякі Дзяніса Урбановіча, якому пасля затрымання ўдалося праз тэлефон звязацца з роднымі.
«У Ветцы зайшлі паесці ў кавярню, як неўзабаве туды ўварваліся "праваахоўнікі". Відаць, за хлопцамі сачылі.
Сяргея Мацкойця забралі адразу і кудысьці павезлі. Сказалі, што ён у вышуку.
Што з Віталём, не ведаем, а Дзянісу аб’явілі, што ён затрыманы на 72 гадзіны. Сказалі, што падазраецца ва ўдзеле ў масавых беспарадках, якія праходзілі ў Мазыры ў жніўні 2020 года. Дакладна ведаем, што ён тады нават не быў у Мазыры», — расказалі сваякі лідара «Маладога фронта» Дзяніса Урбановіча.
Вядома, што актывістаў правялі і пасадзілі на маршрутку да Мінска.