Выйшла новая кніга Алеся Бяляцкага
Новая кніга старшыні зачыненага ўладамі Праваабарончага цэнтру “Вясна”, віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека (FIDH), сябра ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, палітвязня Алеся Бяляцкага называецца “Асвечаныя беларушчынай”. Яе ўрачыстая прэзентацыя прайшла ўвечары 6 сакавіка ў перапоўненым офісе Партыі БНФ.
Кніга Алеся Бяляцкага "Асвечаныя беларушчынай"
На прэзентацыю прыйшлі прадстаўнікоў дэмакратычных грамадскіх арганізацыяў, палітычных партыяў, пісьменнікі, мастакі, праваабаронцы, журналісты, проста людзі, якім вядомае імя Алеся Бяляцкага.
“Сёння ў нас не зусім звычайная падзея, — сказаў, пачынаючы прэзентацыю вядоўца імпрэзы, паэт і праваабаронца Сяржук Сыс. — Мы сабраліся, каб прэзентаваць кнігу нарысаў пра літаратуру, пра пісьменнікаў, кнігу эсэ праваабаронцы і літаратара Алеся Бяляцкага. Ён марыў выдаць гэтую кнігу да свайго юбілею, але не паспеў. Сапраўды, час у яго быў увесь загружаны праваабарончай дзейнасцю, і кнігу ён рыхтаваў, як кажуць, похапкамі. Затым, усе ведаюць, былі арышт, следства, калонія. Аднак, як гэта ні прыкра казаць, і ці магчыма гэта казаць тут увогуле, знаходжанне Алеся за кратамі нейкім чынам паспрыяла таму, што гэтая кніжка дапоўнілася новымі тэкстамі, новымі тэмамі, новымі матэрыяламі. Найперш яны тычацца турэмнай літаратуры. Так, напрыклад, артыкул пра беларускую турэмную літаратуру быў перасланы Алесем у лістах. Ён так і змешчаны ў кнізе — ліст першы, пяты ліст, сёмы. Ён прысвечаны кніжцы, якая таксама пісалася за кратамі, — гэта кніжка Уладзіміра Някляева “Лісты да Волі”. Цікавая гісторыя і пра нарыс Алеся Бяляцкага пра творчасць і жыццёвы шлях Хвядоса Шынклера. Гэтая кніга трапілася яму ў сціплай бібліятэцы ў жлобінскай турме № 8. Часу хапала, ён прагледзеў яе, і Алеся здзівіла жыццё і творчасць гэтага чалавека, і яму прысвечаны адзін з нарысаў у гэтай кнізе”.
Сяржук Сыс
Частка твораў, размешчаных у гэтай кнізе, звярнуў увагу Сяржук Сыс, друкавалася раней, у многіх часопісах, найперш у “Дзеяслове”, у “Маладосці”, а таксама ў штотыднёвіку “Літаратура і мастацтва”.
Па словах укладальніцы і рэдактара кнігі Паліны Сцепаненкі, у 2011-м годзе Алесь Бяляцкі пачаў збіраць тэксты, якія пісаў, пачынаючы з васьмідзясятых гадоў мінулага стагоддзя. Гэта тэксты па гісторыі беларускае літаратуры, крытыка, успаміны пра беларускіх пісьменнікаў, эсэ. Праца па ўкладанні кнігі была распачатая, але не завершаная, бо 4 жніўня 2011 года Алесь быў арыштаваны. Яго звінавацілі ў здзяйсненні крымінальнага злачынства, а потым асудзілі на чатыры з паловай гады зняволення.
Многія артыкулы гэтай кнігі напісаныя Бяляцкім ужо ў месцах пазбаўлення волі. “Кніга, падрыхтаваная за кратамі, знаёміць чытача з Алесем Бяляцкім — удумлівым гісторыкам літаратуры, схільным да псіхалагічных рэканструкцый, тонкім літаратурным крытыкам і эсэістам, які здолеў працягнуць сваю літаратуразнаўчую дзейнасць нават у нечалавечых умовах, што створаныя ў беларускіх турмах”, — піша ва ўводзінах да выдання Паліна Сцепаненка.
Паліна Сцепаненка
Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна выйшла на сваё кароткае выступленне з ахапкам жоўтых цюльпанаў. “У кожнага твора ёсць эпілог. І я хачу звярнуцца з такім вось сімвалічным эпілогам да кнігі Алеся Бяляцкага. Алесь Бяляцкі для многіх з нас — гэта, у першую чаргу, Праваабарончы цэнтр “Вясна”. Вясна, жыццесцвярджальнасць, гэта таксама тыя жанчыны, якія заўсёды побач па жыцці з Алесем Бяляцкім. На жаль, у гэтай залі сёння няма жонкі Алеся Наталлі, але тут ёсць сястра Алеся Вольга. І я хачу сёння ўручыць гэтыя сонечныя праменьчыкі вам як надзею. “Вясну” не стрымаць, “Вясну” не спыніць” — гэта дэвіз офіса, калектыву Алеся Бяляцкага, а ў ім столькі прыгожых, столькі працавітых дзяўчат, маладых жанчын, таму я хачу перадаць і ім гэтыя сціплыя кветачкі і пажадаць, каб у вакенца “Вясны” як мага хутчэй шуганула святло, і каб гэтым святлом быў Алесь Бяляцкі і яго вяртанне. Гэта самае галоўнае для ўсіх нас”, — адзначыла Жанна Літвіна.
Жанна Літвіна ўручае кветкі сястры Алеся Бяляцкага Вользе
На прэзентацыі кнігі выступілі таксама старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч, паэты Уладзімір Някляеў і Генадзь Бураўкін, журналіст і літаратар Сяргей Дубавец, мастак, які афармляў кнігу “Асвечаныя беларушчанай”, Уладзімір Вішнеўскі, філосаф Ігар Бабкоў, літаратар Язэп Янушкевіч.