З акцэнтам на дзяржаўную сімволіку

Брэсцкі аблвыканкам прыняў да ўвагі пажаданні старшыні Брэсцкай абласной арганізацыі БСДП Ігара Маслоўскага і рэкамендаваў хакейнаму клубу «Брэст» улічваць варыянты спалучэння колераў хакейнай формы з акцэнтам на дзяржаўную сімволіку.

trikolor_1.jpg


Нагадаем, што хакеісты ДЮСШ ХК «Брэст» у матчы за трэцяе месца на велікодным турніры ў Чэхіі выкарысталі форму з дзяржаўнай сімволікай іншай краіны. На рукавах хакейнай формы размешчаны дзяржаўны сцяг Расійскай Федэрацыі.

«Па дадзеным факце намі накіраваная скарга ў Міністэрства спорту. З Міністэрства спорту зварот пераадрасавалі ў Брэсцкі аблвыканкам. Мы лічым, што выкарыстанне дзяржаўнай сімволікі іншай краіны прыводзіць да разбурэння грамадзянска-патрыятычнага выхавання маладога пакалення ў Беларусі, наносіць шкоду іміджу нашай краіны, не адказвае інтарэсам дзяржавы, не спрыяе фармаванню пазітыўнага вобразу і брэнда дзяржавы за мяжой», — каментуе сітуацыю старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Маслоўскі.

З адказу аблвыканкама вынікае, што ўлады не ўбачылі на форме сцяга чужой краіны, а спалучэнне колераў тлумачаць дызайнам формы.

Па словах Маслоўскага адказ аблвыканкама хоць і не адказвае на ўсе пастаўленыя пытанні ў звароце, але ўсё ж дае аптымізм для выпраўлення сітуацыі.

«У нашым разуменні выступ на міжнародных спаборніцтвах пад дзяржаўнай сімволікай павінны з'яўляцца гонарам для беларускіх каманд. Амерыканскі сцяг, таксама мае спалучэнне такіх колераў, але яго на форме мы не ўбачылі, ды і не трэба. Улічваючы нашы пажаданні абласным выканаўчым камітэтам кіраўніцтву дзяржаўнай установы «Хакейны клуб «Брэст» рэкамендавана ўлічваць варыянты спалучэння колераў, з акцэнтам на дзяржаўную сімволіку Рэспублікі Беларусь у наступных распрацоўках дызайну хакейнай формы. Мы спадзяемся, што такой ганьбы для краіны мы больш не ўбачым», — дадае Ігар Маслоўскі.

Прэс-служба Брэсцкай абласной арганізацыі БСДП