З часоў Гітлера і Сталіна Беларусь не перажывала такіх здзекаў з нацыянальнай і чалавечай годнасці

З часоў Гітлера і Сталіна Беларусь не перажывала такіх здзекаў з нацыянальнай і чалавечай годнасці, — кажа пісьменнік Уладзімір Арлоў.



 Уладзімір Арлоў

 Уладзімір Арлоў

Здзекаў з законаў, законаў пісаных і законаў маральных. Тое, што адбываецца сёння, гэта працяг антынароднай і антынацыянальнай палітыкі рэжыму, — кажа пісьменнік, каментуючы выклік сваёй калегі, лаўрэата Нобелеўскай прэміі Святланы Алексіевіч на допыт у следчы камітэт па справе «стварэння Каардынацыйнай рады»:

— У любой дэмакратычнай дзяржаве ўлада з нобелеўскай лаўрэатам па літаратуры ў такой сітуацыі раілася б. У нас нобелеўскага лаўрэата Святлану Алексіевіч выклікаюць на допыт. Гэта вельмі красамоўнае стаўленне да культуры Яшчэ адзін прыклад, які вельмі гарачы цяпер, — гэта сітуацыя з нашым нацыянальным скарбам — Купалаўскім тэатрам. Які зачынены, які не пачаў сезон, які ахоўваюць 5 міліцэйскім афіцэраў, не дазваляючы туды зайсці акцёрам і супрацоўнікам, якія напісалі заявы на звальненне на знак пратэсту супраць звальнення дырэктара Паўла Латушкі.

І адбываецца гэта якраз тады, калі Купалаўскаму тэатру спаўняецца 100 гадоў. Таму цяпер мы ўсе павінны думаць, як нам, насуперак гэтай уладзе, насуперак гэтай палітыцы, агульнанацыянальна адзначыць 100-годдзе Купалаўскага тэатра, як абараніць нашага адзінага нобелеўскага лаўрэата ад пераследу, — кажа Уладзімір Арлоў.

Беларускае Радыё Рацыя