«З прапановы Васкрасенскага наконт памілавання пасмяяўся». Што піша Мікола Статкевіч, якога зараз судзяць
Палітыка Міколу Статкевіча судзяць у гомельскім СІЗА-3 разам з Сяргеем Ціханоўскім, Ігарам Лосікам, Дзмітрыем Паповым, Арцёмам Сакавым і Уладзімірам Цыгановічам. Палітык адмовіўся браць удзел у судовым працэсе. Цяпер яго судзяць без ягонай прысутнасці, піша «Свабода».
Жонка палітыка Марына Адамовіч атрымлівае ад яго лісты. Але
яе лісты, імаверна, да Міколы Статкевіча не даходзяць. «Бо ён піша, што апошні
мой ліст атрымаў, датаваны 4 ліпеня. «Падобна, у чарговым аператыўным
мерапрыемстве нас памянялі месцамі», — напісаў Мікола ў лісце, маючы на ўвазе,
што раней яго лісты не перадавалі мне, а цяпер — наадварот.
Ён піша, што мала лістоў атрымлівае ад людзей. І тым не менш
яму перадалі ліст ад так званага «Круглага стала дэмакратычных сілаў», то бок
кампаніі Юрыя Васкрасенскага. Мікола толькі пасмяяўся з прапановы наконт
памілавання. Там была цытата: «Помните: вас дома ждут родные и близкие». «Мне
гэта нагадала ўлёткі, якія скідалі з самалёта тыпу «рама»», — пажартаваў
Мікола», — кажа Марына Адамовіч.
У лісце палітык зазначыў, што не лічыць вартым адказваць на
такія прапановы.
Ён напісаў і свае разважанні наконт «зачысткі», трэцяга
сектара, анансаванай беларускімі ўладамі. «Наконт «зачысткі» — яе пэрыядычна
абяцалі як адказ на санкцыі, яшчэ «самы патрыятычны міністар» пагражаў ёю па
беларускім радыё. Нібыта ён ёсць (трэці сэктар). Хоць летась у раёнах і
дварах ён з'явіўся. Калі рэжым вырашыў прыбраць са свайго фасаду дэкаратыўныя
арганізацыі, то да адмены санкцый гэта не прывядзе, хутчэй наадварот», —
працытавала ліст Міколы Статкевіча жонка.
Суд цягнецца ў закрытым рэжыме ў гомельскім СІЗА-3 з 24 чэрвеня. Адвакаты кажуць, што дату прысуду пакуль прагназаваць цяжка.