З работнікаў «Мінскэнерга» прымусова збіраюць грошы на Чырвоны Крыж
Супрацоўнікі «Мінскіх цеплавых сетак», філіяла РУП Мінскэнерга, распавялі, якна прадпрыемстве збіраюць па 5 рублёў на Чырвоны Крыж. Тым, хто здаваць не хоча, пагражаюць праблемамі і зніжэннем заробку.
У рэдакцыю «Нашай Нівы» звярнуліся супрацоўнікі «Мінскіх цеплавых сетак». Яны паведамілі, што на прадпрыемстве збіраюць па 5 рублёў на беларускі Чырвоны Крыж.
Агулам на прадпрыемстве мусяць сабраць з работнікаў 7 тысяч 600 рублёў.
У Мінскэнерга паведамілі, што грошы сапраўды збіралі.
«Гэта збіраліся грошы па філіяле «Мінскія цеплавыя сеткі». Колькі здалі, пакуль не скажу, але народ адклікаецца», — адказала Валянціна Шавель, работнік філіяла і старшыня мясцовай арганізацыі Чырвонага крыжа.
Але ці будуць наступствы, калі не здаць тыя няшчасныя 5 рублёў?
Так, адказвае суразмоўца, будуць.
«Як вам сказаць… Выканкам Ленінскага раёна адчытваецца за гэта ў гарвыканкаме. Адміністрацыя нашага прадпрыемства таксама адчытваецца. Гэта такая грамадская дзейнасць, у якой мы абавязаны раз на год прыняць удзел. Гэтую стаўку ў 5 рублёў Чырвоны крыж сам вылічвае, сыходзячы з базавай велічыні, у іх там свая сістэма нейкая, — кажа Шавель. — Я лічу, трэба адгукнуцца, каб наш філіял не выглядаў няшчасна. Калі не здаць, то што будзе? Калі тое будзе, як у мінулым годзе, калі падраздзяленні адказваліся, то тады Аляксандр Сідараў даваў іншую каманду, больш жорсткую, разумееце? Бо яшчэ раз кажу, гэта робіць справаздачу наша кіраўніцтва Бузо і Сідараў, у выканкаме Ленінскага раёна. Я лічу, што 5 рублёў не зусім такая сума, каб упірацца».
Паводле nn.by