З расійскімі мантажнікамі з БелАЭС дагэтуль не разлічыліся

Расійскія мантажнікі, якія працавалі на Беларускай АЭС, дагэтуль не атрымалі заробак за ліпень, паведамляе Еўрарадыё

aes_1709.jpg

Як распавядала Еўрарадыё, 15 жніўня каля паўсотні рабочых зладзілі мітынг на галоўнай плошчы Астраўца. Яны патрабавалі выплаціць ім заробкі за два месяцы: многія мантажнікі ўжо купілі квіткі дадому, а заробленых грошай ім не выдалі.
Спярша расіянам абяцалі аддаць грошы ў сярэдзіне жніўня, потым — да пачатку верасня. Згодна з дамовай мантажнікам мусілі аддаць ліпеньскі заробак да 15 верасня, але толькі 16 верасня яны атрымалі па 20%. Многія з іх ужо з'ехалі на вахту на іншыя аб'екты, каб зарабіць хоць нешта і кампенсаваць страты ад працы ў Беларусі.
На працу ў Беларусь мантажнікаў запрасіла кампанія АТ "Сезам". Галоўны інжынер кампаніі Сяргей Гусеў абяцаў, што грошы за чэрвень работнікі атрымаюць да вечара 19 жніўня, а потым ім аддадуць аванс за ліпень. І сапраўды, за чэрвень работнікаў разлічылі, але авансу за ліпень так і не выдалі. "Не ўсё і ад нашага жадання залежыць. Знайшлі грошы, каб ўсяму персаналу выплаціць камандзіровачныя і квіткі купіць, часткі персаналу ўжо аплацілі ліпень. Думаю, наступным тыднем усё закрыем", — патлумачыў Гусеў.
Цалкам разлік за ліпень атрымаў толькі адзін з рабочых — Аляксандр. Менавіта гэты мужчына і звярнуўся ў СМІ, калі зразумеў, што заробак могуць не даць. Аднак грошай за жнівень не пабачыў пакуль і ён.