За абразу міліцыянта-сябра дзяцінства — два гады «хіміі»

Суд Маскоўскага раёна Брэста 20 студзеня прызначыў два гады "хатняй хіміі" Аляксандру Глазырыну за  "абразу прадстаўніка ўлады" ў мэсэнджары. Адметна, што пацярпелы — супрацоўнік АУС адміністрацыі Ленінскага раёна Брэста Павел Тасоеў — сябра дзяцінства Аляксандра.

glazyryn.jpg


Аляксандра Глазырына абвінавацілі ў тым, што 18 кастрычніка 2020 года ён наўмысна абразіў прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў, размясціўшы паведамленне ў тэлеграм-канале “Брест 97%”. Віна Глазырына, па словах пракурора, пацверджана сведчаннямі абвінавачанага, пацярпелага і сведак, пратаколам агляду месца злачынства, аглядам дакументаў, высновамі экспертаў.
Аляксандр Глазырын прызнаў віну цалкам. Сказаў, што ўбачыў у чаце паведамленне з просьбай апазнаць па фатаздымках двух асоб, якія затрымлівалі мірных грамадзян. На адным з іх ён пазнаў сябра дзяцінства Паўла.
“Я быў злы праз сітуацыю ў краіне, – сказаў Глазырын. – Таму пракаментаваў гэты фотаздымак і наступны, дзе Павел быў у форме. Спачатку я не быў упэўнены, што ён супрацоўнік міліцыі. Хаця да дзясятага жніўня я адносіўся да міліцыі нейтральна. Мае дзеянні былі датычныя да канкрэтнай фатаграфіі і не мелі мэтай прычыніць шкоду ўладзе ў шырокім сэнсе. Зараз я раскайваюся: зрабіў гэта праз эмоцыі, здзейсніў глупства”.
Павел Тасоеў распавёў, што 18 кастрычніка пасля службы ўбачыў у канале свае фотаздымкі і фотаздымкі былой жонкі.
“Стала крыўдна, бо нічога дрэннага людзям не зрабіў, – сказаў ён. – Навошта абражаць публічна? Я паведаміў кіраўніцтву, напісаў заяву. Лічу, што каментар прычыніў шкоду майму аўтарытэту”.

glazyryn_sud.jpg


Суд таксама заслухаў сведку па справе, даследаваў пісьмовыя матэрыялы справы, у тым ліку, экспертызу. Згодна з ёй, у тэксце паведамленняў Глазырына ўтрымліваецца негатыўная ацэнка асобы, а таксама пералічаныя ўсе стылістычыныя сродкі, з дапамогай якіх гэта было дасягнута.
Адвакат папрасіў улічыць, што злачынства, кваліфікаванае Глазырыну, не ўяўляе грамадскай небяспекі, а таксама асобу абвінавачанага і яго станоўчую характарыстыку па месцы працы.
“Яго бездакорныя паводзіны цягам некалькіх месяцаў – памкненне да законапаслухмянага ладу жыцця. Пры такіх абставінах маюцца падставы для прымянення ў адносінах да яго артыкула 79 Крымінальнага кодэкса і вынясення абвінаваўчага выраку без пакарання”, – адзначыў абаронца.
Абвінаваўца адзначыў, што Глазырын разумеў грамадскую небяспеку сваіх дзеянняў, і прыйшоў да высновы, што ён вінаваты ў здзяйсненні злачынства. Пракурор Дайнэка запрасіў для абвінавачанага два гады абмежавання волі без накіравання яго ў выпраўленчую ўстанову – “хатняй хіміі”. Менавіта такі вырак і вынесла суддзя Вера Філонік..
spring96.org