У Брэсце за «гвалт над міліцыянтам» асудзілі адзінокую маці

На пачатку студзеня "Брэсцкая газета" пісала пра 29-гадовую Дар'ю Палякову, якую абвінавачваюць у тым, што яна, "помсцячы за выкананне міліцыянтамі службовых абавязкаў", прымяніла гвалт у дачыненні да міліцыянта Аляксея Гарунова, "прычыніла яму боль і парвала куртку". Судовы працэс над жанчынай пачаўся 6 студзеня.

Дар'я Палякова / "Брэсцкая газета"

Дар'я Палякова / "Брэсцкая газета"


На судзе Дар'я прызнала сваю віну часткова, сказаўшы, што рабіла гэта не з-за помсты, а спрабуючы вызваліць мужчыну, якога затрымлівалі. Пацярпелы міліцыянт не змог пацвердзіць, што куртку парвала менавіта Палякова, сведчыў, што удараў яна не наносіла, а калі сціскала руку, прычыніла "нязначны" боль.
19 студзеня суд прызнаў жанчыну вінаватай і прызначыў ёй два гады хатняй хіміі. Таксама яна павінна выплаціць пацярпеламу 10 рублёў кампенсацыі матэрыяльнай шкоды.
Дар'і Паляковай 29 гадоў, яна працуе на адным з буйных харчовых прадпрыемстваў Брэста. У 2019 годзе муж Паляковай памёр, і яна засталася адна з двума маленькімі дзецьмі.