Да 3 гадоў пазбаўлення волі за карагод пагражае пратэстоўцам з Брэста

20 студзеня суд Ленінскага раёна горада Брэста пачаў разглядаць крымінальную справу па арт.342 КК РБ («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак»). 10 чалавек судзяць за... карагод у цэнтры горада.

Карагод у цэнтры Брэста /  sk.gov.by

Карагод у цэнтры Брэста /  sk.gov.by


На лаве падсудных апынуліся людзі, якія 13 верасня 2020 года падчас адной з пратэставых акцый зладзілі карагод на скрыжаванні праспекта Машэрава і бульвара Касманатаў у Брэсце. Паводле версіі следства, Мікалай Федарэнка, Яраслаў Ярашук, Яўген Калпачык, Віктар Дзенісенка, Віталь Ліцвін, Максім Жараў, Марына Глазава, Вадзім Варановіч, Аляксей Якубук і Марына Сірэцан«наўмысна бралі ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак», што пацягнула за сабой прастой транспарту на 659 рублёў 92 капейкі і парушэнне працы некаторых гандлёвых аб'ектаў.
Тады ж супраць пратэстоўцаў, паводле слоў намесніка міністра ўнутраных спраў Генадзя Казакевіча, упершыню прымянілі вадамёт. Адна з фігурантак справы, 25-гадовая настаўніца Марына Глазава, была прызнаная палітзняволенай.
«Брэсцкая газета» вядзе анлайн-рэпартаж з залы суда.