За мінулыя суткі ў краіны ЕС не ўпусцілі каля 200 нелегальных мігрантаў з Беларусі
За мінулыя суткі ў краіны Еўрапейскага саюза не ўпусцілі каля 200 мігрантаў, якія мелі намер незаконна перасекчы мяжу з тэрыторыі Беларусі.
Памежная служба Польшчы ў Твітэры паведаміла, што 7 верасня з боку Беларусі мяжу спрабаваў нелегальна перайсці 191 іншаземец. З іх 36 чалавек былі затрыманыя (18 грамадзян Ірака, па тры — Ірана і Таджыкістана, а таксама 12 невядомых), астатніх вярнулі на беларускую тэрыторыю, пішуць naviny.online.
Дзяржаўная памежная ахова Латвіі на сваім сайце паведаміла, што за мінулыя суткі былі папярэджаныя спробы незаконнага перасячэння латвійска-беларускай мяжы 27 замежнікамі. Затрыманых няма.
Адзначаецца, што з 10 жніўня, калі ў сумежных з Беларуссю раёнах ўвялі надзвычайнае становішча, у Латвію не ўпусцілі 1005 нелегальных мігрантаў. За гэты ж час 25 чалавек прапусцілі па гуманітарных прычынах. Усяго з пачатку года ў краіне затрымалі 377 замежнікаў, якія незаконна перасеклі мяжу.
Партал навінаў Delfi са спасылкай на Службу аховы дзяржаўнай мяжы Літвы паведаміў, што 7 верасня ў краіну з беларускай тэрыторыі спрабавалі незаконна трапіць каля 20 мігрантаў. Нікога не затрымалі, усе былі вернутыя ў Беларусь. Спробы фіксаваліся ў Ігналінскім. Шальчынінкскім, Варэнскім і Лаздзіяйскім раёнах.
З-за павелічэння патокаў нелегальнай міграцыі з беларускай тэрыторыі Літва ўвяла рэжым экстрэмальнай сітуацыі на ўсёй тэрыторыі краіны, Латвія і Польшча-надзвычайнае становішча ў раёнах, якія мяжуюць з Беларуссю.
8 верасня прадстаўніцтва ЕС заявіла дэмарш Міністэрству замежных спраў Беларусі «ў сувязі з незаконнымі перасячэннямі мяжы з боку Беларусі ў Еўрапейскі Саюз».