Дзяржаўны памежны камітэт заявіў аб спробе суіцыду мігранта на мяжы

Дзяржаўны памежны камітэт заявіў, што афганскі мігрант паспрабаваў пакончыць з сабой на мяжы Беларусі і Латвіі.

gpk_1.jpg


Група мігрантаў прыбыла на латвійскі пункт «Патэрніекі» 3 верасня, піша REFORM.by са спасылкай на ДПК.

«Яны ў 10-ты раз спрабавалі падаць хадайніцтвы аб прадастаўленні ім статусу бежанца ў Латвіі, а таксама выклікаць супрацоўніка ААН. 15 грамадзян Афганістана, з якіх 10 дзяцей, востра мелі патрэбу ў медыцынскай дапамозе, харчаванні і адзенні», — гаворыцца ў паведамленні ДПК.

«Адзін з грамадзян блізкаўсходняга рэгіёну, знаходзячыся ў адчайным стане, распачаў спробу суіцыду, кінуўшыся пад колы вялікагрузнага аўтамабіля, які рухаўся з Латвіі ў Беларусь» — дадалі ў ДПК.

Памежны камітэт таксама паведаміў, што дзякуючы рэакцыі беларускіх памежнікаў афганец застаўся жывы. Яны спынілі фуру.

Да паведамлення прыкладаецца відэа, на якім можна заўважыць, што групу мігрантаў не пускаюць узброеныя людзі. Да іх рухаецца аўтацягнік з мінімальнай хуткасцю. З-за шэрагу ўзброеных людзей выбягае чалавек і бяжыць да фуры, спрабуючы скочыць пад паўпрычэп. Машына спыняецца. Далей ён устае і падыходзіць да іншых мігрантаў.


Пры гэтым на відэа бачна, што ўзброеныя людзі не пускаюць мігрантаў менавіта на тэрыторыю Беларусі: асабліва можна адзначыць характэрныя беларускія фуражкі памежнікаў.

Чаму супрацоўнікі ДПК не выклікалі да мігрантаў беларускага супрацоўніка ААН, а таксама не задаволілі «вострую патрэбу» гэтых людзей у «медыцынскай дапамозе, харчаванні і адзенні», не паведамляецца.

Але відэа ўсё адно мае назву «Парушэнне Латвіяй правоў чалавека падштурхнула бежанца да спробы суіцыду».