За рэпост 20-гадовую студэнтку-выдатніцу Дануту Пярэдня асудзілі да 6,5 гадоў калоніі
Як стала вядома праваабаронцам, суд Кіраўскага раёна 1 ліпеня вынес прысуд палітзняволенай Дануце Пярэдня— студэнтцы з Кіраўска, якую абвінавацілі ў дзеяннях, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь (ч.3 арт. 361 КК РБ) і абразе Лукашэнкі (ч.1 арт.368 КК РБ). Дзяўчыне прысудзілі 6,5 гадоў калоніі агульнага рэжыму.
У віну ёй паставілі тое, што яна перапосціла ў адзін з чатаў
тэкст, у якім у рэзкай форме крытыкаваліся дзеянні Пуціна і Лукашэнкі па
развязванні вайны ва Украіне. Таксама там змяшчаўся заклік да вулічных выступаў
і канстатавалася адсутнасць перспектыў у беларускай арміі ў выпадку яе
ўступлення ў вайну.
Данута была студэнткай-выдатніцай, аднак адразу пасля ўзбуджэння
справы яе адлічылі. 10 чэрвеня КДБ абнавіў спіс
«асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці» — туды дадалі 9
чалавек, сярод якіх была і Данута.