Загінулую 20 гадоў таму мінчанку ўключылі ў базу дармаедаў

Дзяўчыну, якая 20 гадоў таму загінула падчас трагедыі на Нямізе, уключылі ў базу дармаедаў. Увесь гэты час на мінскі адрас, дзе жыла ўжо даўно нябожная Ала Мельнікава, прыходзілі паперы з афіцыйных інстанцыяў: стаць на ўлік, памяняць пашпарт. Цяпер ёй прапанавалі прыйсці і распавесці пра сваю занятасць, піша Еўрарадыё.

nch_001_40.jpg


Бацькі Алы неаднаразова тэлефанавалі і тлумачылі, што дачка даўно памерла, часам сварыліся. Перад імі выбачаліся, але ж лісты працягвалі прыходзіць. Урэшце Алу Мельнікаву запісалі ў “дармаедкі”.
Як патлумачыў TUT.by праваабаронца Алег Волчак, пасля смерці чалавека ЗАГС павінен перадаць адпаведную інфармацыю міліцыі, а тая — у іншыя інстанцыі. Чалавек выключаецца з усіх базаў, анулюецца яго нумар пашпарту і ўся асабістая інфармацыя. Пасля звароту бацькоў у Міністэрства працы з прыкладаннем усіх патрэбных дакументаў, высветлілася, што іх дачка дагэтуль лічыцца жывой. Аднак чаму адказныя асобы не выключылі яе з базаў, даведацца не атрымалася.
Цяпер нябожная мінчанка выдаленая з базаў, а перад яе сваякамі выбачыліся.