Затрыманая 4 студзеня Вольга Маёрава застаецца ў турме. У яе каронавірус і ёй патрэбна дапамога
Грамадскую актывістку затрымалі супрацоўнікі КДБ 4 студзеня.
Пра Вольгу Маёраву напісала ў фэйсбуку Ганна Шапуцька.
«Мы чакалі 10 дзён і спадзяваліся, што Вольгу Майораву адпусцяць з Амерыканкі без прад'яўлення абвінавачвання. Не адпусцілі. Сына выклікалі ў КДБ і ўзялі падпіску аб неразгалошванні. Сітуацыя ўскладняецца тым, што патрэбны немалыя грошы на адваката і перадачы, і тым што ў Амерыканке вязні хварэюць на КОВІД і Вольга не выключэнне. На жаль, сродкаў няма, Вольга і сын жывуць вельмі сціпла і ніхто не чакаў затрымання», — распавяла Ганна Шапуцька.
Таксама яна папрасіла аб дапамозе: «Неабходна наша дапамога. Таму, сябры, хто можа дапамагчы Вользе Маёравай пішыце мне, ці Васілю Завадскаму ў лічку. Будзем салідарнымі!»
Грамадская актывістка і экс-кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Вольга Маёрава была затрыманая 4 студзеня. Папярэдне па месцы яе жыхарства, у вёсцы Нача Крупскага раёну, быў праведзены ператрус, у выніку якога супрацоўнікі КДБ забралі з дома тэхніку.
Мяркуецца, што затрыманне адбылося ў межах справы Мікалая Аўтуховіча.