Заўтра Вярхоўны суд разглядзіць апеляцыю на прысуд Севярынцу і іншым удзельнікам справы

Заўтра зноў у залі суда будуць разбіраць справу Андрэя Войніча, Максіма Вінярскага, Яўгена Афнагеля, Ірыны Шчаснай, Паўла Севярынца, Паўла Юхневіча і Змітра Казлова. Пачатак працэсу — а 9:30.

Павел Севярынец на судзе. Фота: radiosvaboda / Telegram

Павел Севярынец на судзе. Фота: radiosvaboda / Telegram


«Што я думаю пра гэта? Гэтым летам мы адпачывалі ў нашай вёсачцы Унорыцы. Сабраліся амаль усе Севярынцы і раптам прыйшла навіна, што яшчэ аднаго члена сям’і затрымалі і магчымая крыміналка. Усе напружыліся, канешне, твары каменныя, званкі-перамовы… І тут Канстанцін Паўлавіч абсалютна нечакана і геніяльна разрадзіў абстаноўку. Ён пачасаў патыліцу і кажа: "Ну і сямейка!"
Зараз, як што зноў здараецца, гэтыя словы самі сабой узгадваюцца і так добра становіцца. Мая любімая, самая цудоўная сямейка)», — напісалаВольга Севярынец на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.
Удзень 25 траўня лідару «Беларускай хрысціянскай дэмакратыі» Паўлу Севярынцу і каардынатару «Еўрапейскай Беларусі» Яўгену Афнагелю агучылі жорсткія выракі за «арганізацыю масавых беспарадкаў»: па 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Выракі іншым фігурантам справы ад суддзі Ірыны Ланчавай такія:
актывісту «Еўрапейскай Беларусі» Андрэю Войнічу — 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
актывістам «Еўрапейскай Беларусі» Паўлу Юхневічу і Максіму Вінярскаму, блогеру Змітру Казлову (Шэры Кот) — па 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
рэдактарцы Telegram-каналу «Мая краіна Беларусь» Ірыне Шчаснай — 4 гады агульнага рэжыму.
Вінярскага, Казлова, Севярынца, Юхневіча і Шчасную прызналі вінаватымі ў «арганізацыі масавых беспарадкаў» (ч. 2 арт. 293 КК РБ), Афнагеля і Войніча — у тым жа і, у дадатак, у «навучанні і падрыхтоўцы асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках» (ч. 1 арт. 13 КК РБ).