Збітага міліцыянтамі Аляксандра Мацеюка за гэта ж і аштрафавалі

У судзе Чыгуначнага раёна Віцебска аштрафавалі за непадпарадкаванне міліцыянтам Аляксандра Мацеюка, прыхільніка Сяргея Ціханоўскага.



2020_06_29_lipka_matsiajuk_f1_matsiajuk_1024x683.jpg

Яго затрымалі 20 чэрвеня за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве — у акцыі “ланцуг салідарнасці”, якая прайшла ў апошні дзень збору подпісаў за вылучэнне кандыдатаў на пасаду прэзідэнта.

Суддзя Ала Бардзюкова разбірала адміністрацыйную справу, якую распачалі супраць Аляксандра Мацеюка паводле артыкула 23.4 — нібыта за непадпарадкаванне міліцыянтам.

Паводле падсуднага, гэты адміністрацыйны пратакол з’явіўся пасля таго, як міліцыянты збілі яго падчас затрымання, а лекары зафіксавалі цялесныя пашкоджанні. Такім чынам міліцыянты хацелі апраўдаць свае гвалтоўныя дзеянні.

Тлумачэнні пра гэта суддзю не пераканалі, і яна прысудзіла штраф памерам 4 базавых велічыні (108 рублёў), распавёў спадар Аляксандр Радыё Рацыя:

— За тое, што мяне збілі, а потым ілжэсведчылі ў судзе — за гэта я мушу плаціць штраф, 4 базавыя. А яшчэ ім заробак.

— А на якім этапе ваша разбіральніцтва з міліцыяй? Вы ж гэтую справу так не пакінулі?

— Следчы камітэт збірае доказы, апытвае сведкаў.

— Такім чынам, якая ў вас агульная сума штрафаў, калі лічыць і пакаранне за ўдзел у акцыі, і гэты штраф?

 — Там было 810 рублёў. Агулам нешта каля тысячы.

На 30 базавых велічынь Аляксандр Мацяюк быў аштрафаваны за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах 19 чэрвеня. Яшчэ раней, за ўдзел у пікеце па зборы подпісаў 30 траўня, ён быў пакараны 4-ма суткамі арышту. 

Беларускае Радыё Рацыя