Сяргея Ціханоўскага асудзілі ў Гродне

Сёння, 1 чэрвеня, у 9.30 распачаўся адміністрацыйны разгляд справы паводле артыкулу 23.4 КаАП (непадпарадкаванне законным патрабаванням службовай асобы) ў дачыненні да Сяргея Ціханоўскага. Зараз ён знаходзіцца ў СІЗА-1 у Мінску і абвінавачваецца па ч.1 арт. 342 КК, а ў судовым пасяджэнні ўдзельнічае праз відэасувязь.

2020_07_01_cihanouski_grodna_sud.jpg

Разгляд справы праводзіць суддзя Ленінскага раёна Гродна Юрый Казакевіч, але само пасяджэнне праходзіць ў Гродзенскім абласным судзе — бо менавіта там ёсць належнае тэхнічнае абсталяванне для “анлайн-фармату”.

За судом назіраюць гродзенскія праваабаронцы Віктар Сазонаў, Раман Юргель і Уладзімір Хільмановіч.

Віктар Сазонаў, Раман Юргель і Уладзімір Хільмановіч

Віктар Сазонаў, Раман Юргель і Уладзімір Хільмановіч

Адвакат Ціханоўскага Андрэй Шчапяткоў папрасіў перапынак на 15 хвілін для канфідэнцыйнай размовы са сваім падабаронным. Суддзя задавальняе, а пасля перапынку зачытвае пратакол адміністрацыйнага правапарушэння, складзены маёрам А. Пігульскім. Згодна з пратаколам, Ціханоўскі 29 траўня 2020 года аказаў супраціў работнікам міліцыі Рахунку і Будніку.

Сам Сяргей Ціханоўскі віны не прызнаў і заявіў, што яго ніхто дагэтуль не азнаёміў з пратаколам. Тады суддзя агучыў нейкую даведку аб тым, што Ціханоўскага хацелі азнаёміць з пратаколам, але той адмовіўся. На што Ціханоўскі заявіў, што гэта ўсё хлусня. Пасля чаго заявіў разам са сваім адвакатам хадайніцтва аб тым, каб яму накіравалі ўсе матэрыялы справы для азнаямлення. Прадстаўнік УУС Гродзенскага аблвыканкаму Аляксей Аляксінскі выступіў супраць гэтага. Суддзя настойвае на даверы да міліцэйскай даведкі і не задавальняе хадайніцтва.

Ціханоўскі заяўляе наступнае хадайніцтва — аб парадку правядзення працэсу: спачатку разгледзець пісьмовыя матэрыялы справы, а потым апытаць сведак. Але суддзя не задавальняе і яго і ўстанаўлівае наступны парадак: спачатку апытаць сведак, потым апытаць прадстаўніка УУС Гродзенскага аблвыканкаму, а потым разгледзець пісьмовыя матэрыялы справы.

Першым выступае сведка Рахунок (супрацоўнік АМАПу Гродзенскага УУС аблвыканкаму). На пачатку ён сказаў, што не памятае, у які дзень і ў якую дату ўсё адбывалася. Адвакат звярнуў увагу на тое, што рапарт Рахунка слова ў слова супадае з пратаколам яго апытання, які ў іншы дзень склаў капітан міліцыі Вадзім Налівайка.

Рахунок не змог патлумачыць адвакату, чаму розныя працэсуальныя дакументы сталіся аднолькавымі, нават да паўторных граматычных памылак.

Рахунок прызнаў, што падчас адбыўшагася інцыдэнту з Ціханоўскім яго відэарэгістратар усё здымаў, але запіс не захаваўся. Патлумачыць, чаму так адбылося, Рахунак не змог.

Другі сведка, Буднік, таксама амапавец, пацвердзіў словы папярэдняга: Ціханоўскі аказваў супраціў і непадпарадкаванне. Таксама ён не памятае, каму даваў тлумачэнні. Не змог ён адказаць і на пытанне адваката аб тым, чаму яго пратакол апытання цалкам супадае з пратаколам апытання іншага амапаўца Рахунка.

Ціханоўскі запытаў, чаму ў РАУС Буднік разам з Рахунком прымяняў да яго сілу і зрываў яму маску, але суддзя зняў гэтае пытанне. Ціханоўскі сцвярджае, што пры яго затрыманні амапаўцы не прадстаўляліся, а зараз на працэсе хлусяць.

На гэтым выступ сведак заканчваецца.

Фота: Гарадзенская Вясна

Фота: Гарадзенская Вясна

Адвакат задае пытанне прадстаўніку АУС Гродзенскага аблвыканкаму Аляксею Аляксінскаму: чаму у матэрыялах справы існуюць тры ідэнтычныя дакументы (адрозніваюцца толькі даты)? Той не можа нічога адказаць, як і на пытанне, ці пераглядаліся запісы відэарэгістратара і чаму гэтыя запісы не захаваліся.

Суд пераходзіць за разгляду пісьмовых матэрыялаў справы, а затым да тлумачэнняў Ціханоўскага.

Ціханоўскі даводзіць, што адразу пасля яго затрымання было парушана заканадаўства, ніхто яго не апытваў, не дапускалі адваката, амапаўцы не ведалі, чаму яны яго затрымалі, гвалт быў зусім неабгрунтаваны, хоць ён не супраціўляўся, аднак надзетыя на яго кайданкі доўгі час моцна ціснулі на рукі, пасля чаго тыя былі зусім сінімі.

Адвакат Андрэй Шчапяткоў звяртае ўвагу на парушэнні працэсуальнага заканадаўства, на тое, што орган, які пачаў адміністрацыйны працэс, зусім не даказаў віну Ціханоўскага, усё абвінавачванне базуецца толькі на сведчаннях зацікаўленага боку. Яшчэ раз звяртае ўвагу на тое, што тры розныя працэсуальныя дакументы за розныя даты, датычныя розных асоб, фактычна аднолькавыя — адзін і той жа тэкст названы рознымі дакументамі.

У матэрыялах справы адсутнічаюць запісы з відэарэгістратараў, хоць яны і былі зробленыя. Не апытаны аніводны сведка, акрамя двух амапаўцаў, хоць у момант інцыдэнта вакол Ціханоўскага было шмат людзей.

Адвакат просіць суд даць ацэнку ўсім абставінам і спыніць адміністрацыйную справу з-за абсалютнай недаказанасці віны падабароннага.

Фота: Гарадзенская Вясна

Фота: Гарадзенская Вясна

Пасля 15-хвіліннага перапынку суддзя Юрый Казакевіч вынес пастанову: падвергнуць Сяргея Ціханоўскага арышту ў 15 сутак. 

Інфармацыя будзе дапаўняцца

spring96.org