«Зялёныя»: БелАЭС не толькі не вырашыць эканамічныя праблемы Беларусі, а пагоршыць іх

З адмысловай заявай з нагоды завозу на БелАЭС ядзернага паліва выступіла Беларуская партыя «Зялёныя». У заяве патрабуецца адкласці запуск БелАЭС, а ў ідэале — прынцыпова адмовіцца ад запуску атамнай станцыі.

Фота belaes.by

Фота belaes.by


Міністэрства энергетыкі Беларусі 6 траўня паведаміла, што на пляцоўку БелАЭС прыбыў састаў з расійскім ядзерным палівам для першага энергаблоку. Ягоны запуск плануецца на працягу 2020 года.

Беларуская партыя «Зялёныя» ў сваёй заяве выказвае рашучы пратэст у сувязі з працягам працэдуры запуску Беларускай атамнай электрастанцыі (БелАЭС).

«Зялёныя» нагадваюць, будаўніцтва БелАЭС суправаджалася сур'ёзнымі інцыдэнтамі і парушэннямі правілаў бяспекі, а тэндар на выбар падрадчыка прайшоў у непразрыстых умовах.

Цяпер пусканаладачныя працы на БелАЭС адбываюцца ва ўмовах пандэміі COVID-19 пры закрытых межах і сур'ёзных абмежаваннях у краінах-суседзях — а гэта не дае магчымасці рэалізаваць кантроль за бяспекай станцыі з боку міжнародных экспертаў.

Таксама да гэтага часу не вырашаныя праблемы на самой БелАЭС, у прыватнасці адсутнічае пляцоўка для захавання адпрацаванага ядзернага паліва.

Эканамічная мэтазгоднасць працы БелАЭС таксама застаецца пад пытаннем: да гэтага часу няма рашэння па рынках збыту электраэнергіі з АЭС. Верагодна, што яны ва ўмовах эканамічнага крызісу, звязанага з наступствамі пандэміі каронавіруса, бліжэйшым часам і не будуць знойдзеныя.

«Мы лічым, што БелАЭС не толькі не вырашыць эканамічныя праблемы Беларусі, а пагоршыць іх, а таксама створыць кропку патэнцыйнай экалагічнай небяспекі ў цэнтры Еўропы», — адзначаецца ў заяве.

Беларуская партыя «Зялёныя» патрабуе адкласці запуск БелАЭС, а ў далейшым прынцыпова адмовіцца ад запуску.