Журналіст-палітвязень Дзяніс Івашын зноў у карцары, перадачу ад жонкі не прынялі
Жонка палітвязня Вольга Івашына паведаміла, што журналіст «Новага Часу» Дзяніс Івашын зноў змешчаны ў карцар.
Пра гэта яна даведалася сёння, 24 снежня, калі спрабавала перадаць яму перадачу. На колькі дзён яго змясцілі ў карцар і чаму — невядома, паведамляе «Свабода».
Перадачу ў Вольгі прымаць адмовіліся. Яна мяркуе, што Дзяніса будуць там утрымліваць увесь святочны час.
Гродзенскі журналіст Дзяніс Івашын за кратамі ўжо 287-ы дзень. Яго затрымалі 12 сакавіка 2021 года ў Горадні, пасля чаго змясцілі ў абласную турму № 1. Неўзабаве яго абвінавацілі паводле артыкулу 365 КК (умяшанне ў дзейнасць супрацоўніка ўнутраных спраў). У адным са сваіх артыкулаў Івашын выкарыстаў апублікаваныя на афіцыйным сайце грўдзенскай міліцыі звесткі, што стала падставай для затрымання.
Родныя Дзяніса неаднаразова адзначалі праблемы
Таксама журналіста ўжо неаднойчы змяшчалі ў карцар. Жонка Івашына паведамляла, што пасля карцару Дзяніс Івашын схуднеў, у яго абвастрыліся праблемы са здароўем, ён мае патрэбу ў медычным абследаванні. Сам ён у лістападзе напісаў заяву на сустрэчу з доктарам у турме, па словах жонкі ён па-ранейшаму адчувае праблемы з сэрцам (улетку ў яго здарыўся сардэчны прыступ).
Падтрымаць Дзяніса Івашына можна, напісаўшы яму ліст па адрасе: Турма № 1, 230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1.