Журналістку Вольгу Чайчыц зноў аштрафавалі

Суддзя Фрунзенскага раёна Мінска Андрэй Малечка пакараў незалежную журналістку Вольгу Чайчыц штрафам у 735 рублёў за тое, што журналістка нібыта незаконна вырабіла сюжэт пра ўшчыльненне дамоў на вуліцы Якубоўскага.

20180323_113406aaaas.jpg


У месцы кампактнага пражывання людзей з інваліднасцю па зроку ўлады далі дазвол на больш шчыльную забудову. Мясцовыя жыхары пратэстуюць, а журналістаў штрафуюць за тое, што асвятляюць гэтую тэму.
Паводле рашэння суда, віна Чайчыц палягае ў тым, што журналістка без акрэдытацыі падрыхтавала сюжэт для замежнага сродку масавай інфармацыі — тэлеканала “Белсат”.
— Але мне не патрэбна ніякая акрэдытацыя, каб збіраць і распаўсюджваць інфармацыю пра падзеі ў Беларусі. Асабліва пра такія грамадска значныя тэмы. Гэта права мне дае 34 артыкул Канстытуцыі, — заявіла журналістка ў судзе.
Працэс над калегай спрабуюць зняць журналісты, аднак супрацоўнікі суда спасылаюцца на інструкцыю і забараняюць рэпарцёрам гэта. Журналіст у сваю чаргу апелююць да канстытуцыі і адкрытасці феміды. Распачынаецца сварка, выклікаюць міліцыю, аднак да затрымання справа не даходзіць. Усіх прысутных некалькі хвілін здымае толькі супрацоўнік міліцыі ў цывільным.
Гэта ўжо 22 суд у 2018 годзе, калі незалежных журналістаў судзяць за працу без акрэдытацыі для тэлеканала “Белсат”.
— Я часцей раблю сюжэты з рэгіёнаў альбо матэрыялы на вострыя сацыяльныя тэмы. Таму, думаю, мяне і цягаюць так часта па судах. Тэмы патрабуюць тэрміновай рэакцыі з боку ўладаў, прыцягваюць да сябе шмат увагі. Я думаю, мэта гэтага пераследу — каб мы не агучвалі праблемы, не казалі пра тое, што адбываецца ў краіне. Не ведаю, хто пераможа ў гэтым змаганні, але я адчуваю, што пакуль проста абавязана рабіць такія сюжэты, звяртаць увагу на вострыя праблемы людзей. Пакуль магу, я раблю гэта, — гаворыць Вольга Чайчыц.
У суд падтрымаць журналістку прыйшлі некалькі мясцовых жыхароў, якія змагаюцца супраць ушчыльнення забудовы ў сталічным мікрараёне.

qqqq.jpg


— Мы прыйшлі, каб падтрымаць журналістаў, якія пішуць пра нашу праблему. Мы вельмі ўдзячны ім, бачна, што яны хочуць нам дапамагчы. У сюжэце “Белсата” была паказана вельмі сур’ёзная сітуацыя, бо запраектаваны дом знішчыць безбар’ернае асяроддзе для сляпых людзей. Вакол дамоў усталяваныя адмысловыя парэнчы, трымаючыся за якія людзі з інваліднасцю могуць ісці на працу, у краму і г. д. А на тым месцы, дзе збіраюцца пабудаваць дом, ёсць адзіная прастора для адпачынку, там сляпыя людзі могуць бяспечна бавіць свой час на вуліцы, — гаворыць мясцовая жыхарка Ала Валенчукевіч.
Тым не менш, ні падтрымка мясцовых жыхароў, ні грамадская важнасць тэмы не ўплываюць на ход справы. Праз гадзіну суддзя выносіць рашэнне — штраф.


baj.by