Жыхар Брэста спрабаваў прыцягнуць міліцыянтаў за пабоі, але сам атрымаў 2 гады калоніі
Ленінскі раённы суд Брэста вынес выракі Сяргею Ярасю і Аляксандру Гуцько за гвалт у дачыненні да міліцыянтаў. Хаця на судзе абвінавачаныя казалі, што гэта міліцыянты білі іх, паведамляе «Радыё Свабода».
Сяргей Ярась пакараны 2 гадамі зняволення ў калоніі, а Аляксандр Гуцько — 3 гадамі абмежавання свабоды («хіміі»).
Канфлікт з міліцыянтамі адбыўся на іх прыватным падворку ў верасні 2017 года. Ярась і Гуцько адпачывалі на двары, смажылі шашлык, слухалі музыку. Суседка паскардзілася ў міліцыю на гучную музыку.
На выклік а 18-ай гадзіне прыехалі міліцыянты Георгій Асінкін і Юрый Матвійчук. Далей у судзе тлумачэнні бакоў адрозніваліся. Міліцыянты даводзілі, што на іх накінуліся з кулакамі Ярась і Гуцько. Асінкін казаў, што Ярась ударыў яго брусам, калі міліцыянт спрабаваў пералезці праз плот на надворак.
Падчас інцыдэнту міліцыянты стралялі ў паветра.
Асуджаныя даводзілі, што ўсё было інакш: калі міліцыянты прыйшлі на двор, яны пагадзіліся сцішыць музыку, якой была незадаволеная суседка, а таксама папрасілі праваахоўнікаў пакінуць двор. Міліцыянты пайшлі, а потым вярнуліся з падмацаваннем, скруцілі, пабілі хлопцаў ды завезлі ў Ленінскі РАУС.
Затрыманыя правялі ноч у ізалятары, на іх склалі пратаколы за хуліганства, назаўтра Ярась і Гуцько былі аштрафаваныя судом.
Пасля гэтага Сяргей Ярась звярнуўся ў лякарню, дзе ў яго дыягнаставалі пераломы рэбраў ды шматлікія кровападцёкі.
Праз паўгода супраць міліцыянтаў нават завялі крымінальную справу за перавышэнне службовых паўнамоцтваў. Аднак справа была спыненая, складу злачынства не знайшлі.
Затое трапіла ў суд справа супраць Ярася і Гуцько — за гвалт у дачыненні супрацоўнікаў міліцыі.
Паводле выраку Сяргей Ярась разам з Аляксандрам Гуцько мусяць кампенсаваць міліцыянту Георгію Асінкіну 300 рублёў маральнай шкоды, а міліцыянту Юрыю Матвійчуку 150 рублёў павінен сплаціць Сяргей Ярась.