Жыхара Асіповічаў падазраюць у падрыхтоўцы дыверсіі на чыгунцы
За падрыхтоўку да дыверсіі на чыгунцы затрыманы 43-гадовы прадпрымальнік з Асіповічаў, паведамляе МУС.
Па даных беларускіх сілавікоў, у пачатку 2022 года мужчына «ўвайшоў у склад экстрэмісцкага фарміравання ByPol, аўтарызаваўшыся ў мабілізацыйным чат-боце для здзяйснення супрацьпраўных дзеянняў у Беларусі».
1 сакавіка ён атрымаў указанні па блакіроўцы чыгуначных пуцей, а таксама па вырабе і выкарыстанні «кактэйляў Молатава». 2 сакавіка пры сілавой падтрымцы АМАПа падазраванага затрымалі.
Падчас вобыску знойдзена і канфіскавана камп'ютарная тэхніка, вадкасць для распальвання, растваральнік, адпрацаваны алей, упакоўка герметыка і хімічнае рэчыва.
У дачыненні да фігуранта распачата крымінальная справа за ўдзел у экстрэмісцкім фарміраванні з мэтай учынення злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці. Санкцыя артыкула прадугледжвае да чатырох гадоў абмежавання волі альбо ад двух да шасці гадоў калоніі.