Жыхару Баранавічаў прысудзілі два гады «хатняй хіміі» за каментар у «Аднакласніках»
Сёння абвясцілі прысуд па крымінальнай справе ў дачыненні да жыхара Баранавічаў Дзмітрыя Бубенчынка, якога вінавацілі ў абразе міліцыянта. Ён пакінуў каментар «Яшчэ адна гніда Лукашызма» пад публікацыяй Вольгі Карач з выявай супрацоўніка міліцыі — старэйшага ўчастковага інспектара Першамайскага раёна Бабруйска Андрэя Комара.
![Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева](/img/v1/images/_julija_juhno___sud___ekanamiczny_sud__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__7__logo_1_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева
Гэты выраз, паводле лінгвістычнай экспертызы, «з’яўляецца абразлівым, грубым, мае негатыўную ацэнку Комара, з'яўляецца ненарматыўнай формай маўленчага выказвання».
Дзмітрый Бубенчык віну прызнаў цалкам. Патлумачыў, што ў той дзень прыйшоў з працы і прачытаў інфармацыю пра тое, што супрацоўнік міліцыі Комар ілжэсведчыў у судах супраць людзей, а іх потым каралі суткамі. Паверыў апублікаванай інфармацыі, таму і напісаў такі каментар. У той момант «на 50% усведамляў, што напісанае можа абразіць Комара». Падчас спрэчак бакоў абвінавачаны паўтарыў, што цалкам прызнае віну і можна сплаціць 10 базавых велічынь кампенсацыі пацярпеламу міліцыянту.
У выніку суд пастанавіў пакараць Дзмітрыя двума гадамі «хатняй хіміі».
«Вясна»