На гамельчука завялі крымінальную справу за абразу ў Тэлеграме 21 міліцыянта
Гомельскі раённы аддзел Следчага камітэта завяршыў расследаванне шматэпізоднай крымінальнай справы ў дачыненні да 35-гадовага жыхара Гомеля, які абвінавачваецца ў публічных абразах прадстаўнікоў улады, паведамляе прэс-служба СК.
![Фота Дзмітрыя Дзмітрыева Фота Дзмітрыя Дзмітрыева](/img/v1/images/_drot___kaljuczka___heta___njavolja__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Фота Дзмітрыя Дзмітрыева
Паводле следства, гамяльчук з'яўляўся падпісчыкам некалькіх прызнаных экстрэмісцкіми Telegram-каналаў, якія размяшчаюць персанальныя даныя прадстаўнікоў праваахоўнага блока, дзяржаўных органаў і заклікаюць да здзяйснення ў дачыненні да іх супрацьпраўных дзеянняў. У перыяд са снежня 2020 года да красавіка 2021 года абвінавачаны неаднаразова публікаваў ў гэтых месенджарах каментары абразлівага характару, выяўленыя ў непрыстойнай форме, накіраваныя на прыніжэнне гонару і годнасці кіраўніка Беларусі ў сувязі з ажыццяўленнем ім сваіх паўнамоцтваў. Акрамя таго, паведамляецца, што фігурант размясціў 21 абразлівы каментар пад публікацыямі з фотавыявамі і анкетнымі данымі супрацоўнікаў органаў унутраных спраў Мінска, Гомеля, Магілёва, Віцебска, Брэсцкай вобласці, работнікаў пракуратуры і судоў Гомеля і Мінска, дэпутата Гомельскага раённага Савета дэпутатаў. А ў адну з начэй красавіка мужчына нібыта размясціў каментары абразлівага характару ў дачыненні да ажно 19 вышэйшых дзяржаўных службовых асобаў і кіруючых работнікаў дзяржаўных органаў, уключаных у кадравы рэестр кіраўніка дзяржавы.
Абвінавачаны халасты, мае сярэднюю спецыяльную адукацыю, працаваў грузчыкам прадуктовай гандлёвай сеткі, не судзімы. Паводле яго паказанняў, матывам здзяйснення злачынства з'явілася крыўда на прыцягненне яго да адміністрацыйнай адказнасці за актыўны ўдзел у несанкцыянаваным пікетаванні 11 жніўня 2020 года Гомелі.
Дзеянні жыхара Гомеля кваліфікаваныя па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь: «Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь», «Абраза прадстаўніка ўлады», «Абраза суддзі або народнага засядацеля». Да яго ўжытая мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту.
Усяго за 8 месяцаў у Гомельскай вобласці распачата 111 крымінальных спраў па артыкуле 369 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, па артыкуле 368 — 37 крымінальных спраў, па артыкуле 391 — 8 крымінальных спраў.