«Смехапанарама». Што думаюць пра свой суд фігуранты «справы Ціханоўскага»
З 24 чэрвеня ў будынку Гомельскага СІЗА-3 ідзе закрыты суд над блогерамі Ігарам Лосікам, Сяргеем Ціханоўскім і Уладзімірам Цыгановічам, палітыкам Мікалаем Статкевічам, аператарам Арцёмам Сакавым і мадэратарам сацыяльных сетак Дзмітрыем Паповым.
Іх абвінавачваюць па шэрагу цяжкіх артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку інкрымінуюць арганізацыю масавых беспарадкаў, распальванне сацыяльнай варожасці, перашкода працы ЦВК. Усім фігурантам пагражае да 12-15 гадоў пазбаўлення волі. Адвакаты знаходзяцца пад падпіскай аб невыдаванні. Суддзя— Мікалай Бакуноў, пішуць naviny.online.
У адным з лістоў Ціханоўскі заўважае, што суд, на яго думку, будзе доўжыцца «яшчэ некалькі месяцаў», магчыма, да лістапада. Палітвязень мяркуе, што на Новы год ён ужо не будзе ў Гомелі. «Веру ў лепшае праз 4 гады» — напісаў Ціханоўскі. Ён у зняволенні з 29 траўня 2020 года, у адзіночнай камеры — са жніўня 2020-га.
Аператар блогера Арцём Сакаў піша: «Калі я такі “злачынец”, то хай даюць вышэйшую меру пакарання. Мяркуючы па тым, як праходзяць буднія дні, разумееш, што табе паказваюць ўсеагульную зацікаўленасць у адтэрміноўцы. О, а як праходзяць буднія дні, ты і ўявіць не можаш! Калі ты выйдзеш з вобразу “ідыёта” ці запярэчыш — будзеш выдалены, як на футболе, за чырвоную картку. Позна піць баржомі...», — напісаў Сакаў.
Дар’я Лосік, жонка блогера Ігара Лосіка, паведаміла, што яе муж у лістах называе суд «смехапанарамай» і заўсёды ходзіць на пасяджэнне ў масцы, каб схаваць усмешку. «Ён заўсёды бярэ слова “суд” у двукоссі, таму што гэта судзілішча. Ігар піша, што няма ніякіх выразных і адэкватных доказаў іх віны» — заўважыла Дар'я.
Мікалай Статкевіч не наведвае судовыя пасяджэнні, так як першапачаткова сам запатрабаваў ад гэтага суда, а затым быў выдалены да спрэчак бакоў.