Дзяржсакратар ЗША: Калеснікаву і Знака асудзілі паводле фальшывых абвінавачанняў на несправядлівым працэсе
Дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен заявіў, што Злучаныя Штаты асуджаюць палітычна матываваныя прысуды, вынесеныя 6 верасня Марыі Калеснікавай і Максіму Знаку, паведамляе «Радыё Свабода».
«На жаль, гэтыя прысуды з'яўляюцца чарговым сведчаннем таго, што рэжым цалкам ігнаруе правы чалавека і асноўныя свабоды народа Беларусі, — адзначыў Блінкен. — Спадарыня Калеснікава і спадар Знак заслугоўваюць празрыстага судовага рашэння па вылучаных супраць іх сфальсіфікаваных абвінавачаннях, чаго яны не атрымалі. Як дзяржава-ўдзельнік АБСЭ Беларусь абавязалася паважаць права на справядлівае судовае разбіральніцтва незалежным і бесстароннім судом, а таксама права на свабоду выказвання меркаванняў і мірных сходаў».
«Мы паўтараем наш заклік да спынення кампаніі рэпрэсій супраць грамадзян Беларусі за ажыццяўленне іх правоў чалавека ўнутры і па-за межамі Беларусі і да неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных, у тым ліку спадарыні Калеснікавай і спадара Знака. Мы зноў заклікаем улады Беларусі пачаць сапраўдны дыялог з дэмакратычнай апазіцыяй і чальцамі грамадзянскай супольнасьці дзеля свабодных і справядлівых выбараў пад міжнародным наглядам», — падкрэсліў Блінкен.
У Мінску сёння агучылі прысуд палітзняволеным Марыі Калеснікавай і Максіму Знаку. Былых удзельнікаў выбарчага штаба Віктара Бабарыкі і сябраў прэзідыума Каардынацыйнай рады судзілі разам за зачыненымі дзвярыма. Вырак: 11 гадоў калоніі Калеснікавай і 10 — Знаку. Суддзя Сяргей Епіхаў.
Іх прызналі вінаватымі паводле трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: «Змова з мэтай захопу ўлады»; «Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы»; «Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо кіраўніцтва ім».