Прэзідэнт Польшчы выказаў салідарнасць з Калеснікавай і Знакам — па-беларуску
Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда выказаў салідарнасць з асуджанымі сёння Марыяй Калеснікавай і Максімам Знакам і запатрабаваў вызвалення ўсіх палітычных зняволеных у Беларусі, паведамляе «Радыё Свабода».
![Анджэй Дуда Анджэй Дуда](/img/v1/images/3f7aa923_4cdb_42ed_993b_db2933019ce9_cx0_cy8_cw86_w1023_r1_s.webp?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Анджэй Дуда
Пра гэта Анджэй Дуда напісаў па-беларуску ў Твітары:
«Я цалкам салідарызуюся з Марыяй Калеснікавай і Максімам Знакам, якім сёння ў Беларусі прысудзілі драконаўскія выракі. Польшча патрабуе безумоўнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных. Гэтых людзей зняволілі за змаганне за незалежную і дэмакратычную Беларусь».
Прысуды, вынесеныя Калеснікавай і Знаку, асудзіла таксама Германія, патрабуючы неадкладнага вызвалення ўсіх палітвязняў у Беларусі.
Прадстаўніца МЗС Германіі Андрэа Засэ адзначыла, што прысуды Калеснікавай і Знаку «сімвалізуюць жорсткасць і рэпрэсіі беларускага рэжыму ў дачыненні да апазіцыі і грамадзянскай супольнасці». Засэ назвала беларускіх апазіцыянераў «аднымі з найбольш смелых прадстаўнікоў пратэснага руху пасля сфальсіфікаваных выбараў прэзідэнта».
У Мінску сёння агучылі прысуд палітзняволеным Марыі Калеснікавай і Максіму Знаку. Былых удзельнікаў выбарчага штаба Віктара Бабарыкі і сябраў прэзідыума Каардынацыйнай рады судзілі разам за зачыненымі дзвярыма. Вырак: 11 гадоў калоніі Калеснікавай і 10 — Знаку. Суддзя Сяргей Епіхаў.
Іх прызналі вінаватымі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: «Змова з мэтай захопу ўлады»; «Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы»; «Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо кіраванне ім».