BELARUSDOCS: онлайн-фестываль беларускага дакументальнага кіно пройдзе на адной з інтэрнэт-пляцовак

4–10 кастрычніка 2016 года на інтэрнэт-пляцоўцы AFISHA.TUT.BY (раздзел «Онлайн-кінатэатры») пройдзе Онлайн-фестываль беларускага дакументальнага кіно BELARUSDOCS. У межах мерапрыемства будуць паказаны найбольш адметныя айчынныя фільмы апошніх трох гадоў, якія дэманстраваліся і перамагалі на вядучых кінафестывалях Еўропы і краін СНД.

unnamed_13.jpg


За фестывальны тыдзень інтэрнэт-аўдыторыя зможа пазнаёміцца з сям’ю фільмамі: працамі як дзяржаўнай Студыі дакументальнага кіно «Летапіс», так і незалежных аўтараў, як тытулаваных кінадзеячаў, так і маладых рэжысёраў новага пакалення. Дадаткова гледачы змогуць паставіць адзнаку фільму, пакінуць сваё меркаванне на сайце і прачытаць інтэрв’ю з рэжысёрамі.

Кожны з сямі фільмаў будзе даступны да прагляду на працягу адных сутак (ад 9:00 да 9.00 наступнага дня) у HD-якасці.
Праграма Онлайн-фестываля беларускага дакументальнага кіно BELARUSDOCS:
● 4 кастрычніка — «Алмаз» (2013; рэжысёр — Віктар Аслюк);● 5 кастрычніка — «Скрыжаванне» (2014; рэжысёр — Настасся Мірашнічэнка);● 6 кастрычніка — «Дудар» (2014; рэжысёр — Юрый Цімафееў);● 7 кастрычніка — «Мяжа Нарвілішак» (2014; рэжысёр — Дзмітрый Махамет);● 8 кастрычніка — «Не адзін» (2014; рэжысёр — Вольга Дашук);● 9 кастрычніка — «Пасха Хрыстова» (2015; рэжысёр — Дар'я Юркевіч);● 10 кастрычніка — «Госці» (2015; рэжысёр — Андрэй Куціла).
Фестываль адкрыецца фільмам «Алмаз» ад мэтра беларускага дакументальнага кіно Віктара Аслюка. Героем стужкі з'яўляецца нашчадак сталінскіх ссыльных з Беларусі, адзіны жыхар вострава на Ладажскім возеры Аляксей Клюня. Ён часта размаўляе з сабой ці са сваім адзіным сябрам — канём Алмазам. Яны шмат часу пражылі разам і цяпер Аляксей хоча памерці першым, каб яго гроб на могілкі вёз Алмаз.

Фільм Настассі Мірашнічэнка «Скрыжаванне» пра бяздомнага мастака з Гомелю Валерыя Ляшкевіча, які жыве на вакзале і на працягу дваццаці год піша карціны на вуліцах горада. За гэты час ён стаў мясцовай славутасцю, але гэта не паўплывала на яго лёс. Што прыўнясуць у яго жыццё здымкі дакументальнага фільма?...

Кароткаметражны фільм пра аднаго з апошніх майстроў па вырабе ўнікальных пастуховых дудаў у Беларусі Фёдара Муравейку — «Дудар» Юрыя Цімафеева звяртаецца да тэмы сыходу ў мінулае традыцыйнай вясковай спадчыны. Аўтарскі падыход ператварае звыклую для беларускай дакументалістыкі тэму ў самадастатковы мастацкі твор.

У «Мяжы Нарвілішак» Дзмітрыя Махамета гаворка ідзе пра тое, як беларусы з літоўскай памежнай вёскі Нарвілішкі не могуць звыкнуцца да мяжы Еўразвязу, якая адлучыла іх ад сваякоў, сяброў і мінулага. Статычныя кадры і павольныя доўгія панарамы падкрэсліваюць безвыходнасць забытых па іншы бок мяжы суайчыннікаў.

«Не адзін» Вольгі Дашук стаў адным з лепшых тэлевізійных фільмаў Еўропы-2014 (згодна з «Prix Europe»). У ім ідзе расповед пра мастака-самавука Віктара Залатыліна. Мастацтва займае ўвесь яго вольны час. Ён шмат працуе, бо засталося яму не так многа…

Чорна-белая амаль рэпартажная дакументалістыка ад выпускніцы французскай Школы сучаснага мастацтва Le Fresnoy Дар’і Юркевіч «Пасха Хрыстова» ставіць пытанне пра месца духоўных каштоўнасцяў у жыцці сучасных гараджан.

Фільм Андрэя Куцілы «Госці» – пераможца Нацыянальнага конкурсу кінафестываля «Лістапад-2015». Герой твору Аляксей Шчадроў — чалавек з няпростай біяграфіяй. Пасля выхаду з турмы ён звярнуўся да веры і арганізаваў незвычайны прытулак, куды прымае хворых і дзе даглядае бедныхі і самотных.
Офлайн-адкрыццё фестываля адбудзецца 3 кастрычніка а 18.30 у Галерэі TUT.BY.
За праектам можна сачыць на старонцы фестываля на AFISHA.TUT.BY, а таксама ў сацсетках facebook і vk.com.
Паводле прэс-рэліза