«Беларускаму Кнігазбору» – 25!

17 сакавіка 1995 года паўстала адно з першых недзяржаўных беларускаарыентаваных выдавецтваў – Міністэрства юстыцыі Беларусі зарэгістравала Міжнародны Фонд «Беларускі кнігазбор»! Галоўнай мэтай выдавецтва была падрыхтоўка, выданне і распаўсюджванне па ўсім свеце шматтомнага літаратурнага і гісторыка-культурнага кнігазбору Беларусі.

Кастусь Цвірка

Кастусь Цвірка

Выдавецтва было заснавана выбітнымі беларускімі дзеячамі культуры і навукі. Сама ідэя ўтварэння выдавецтва і падрыхтоўкі знакавага для Беларусі кніжнага праекта была распрацавана беларускім пісьменнікам і літаратуразнаўцам, кандыдатам гістарычных навук Кастусём Цвіркам. І 17 сакавіка 1995 года было зарэгістравана грамадскае аб’яднанне Міжнародны Фонд «Беларускі кнігазбор». Сярод яго заснавальнікаў былі: Н. Гілевіч, Р. Барадулін, С. Шушкевіч, Р. Гарэцкі, В. Зуёнак, А. Вярцінскі, Г. Бураўкін, А. Клышка, К. Цвірка, Г. Вінярскі, В. Кіпель, Я. Запруднік, А. Баршчэўскі, А. Каўка, В. Сёмуха і іншыя. Распачыналі дзейнасць тры чалавекі – Кастусь Цвірка (прэзідэнт), Генадзь Вінярскі (выканаўчы дырэктар) і Марына Адамовіч (гал. бухгалтар і юркансультант).


Але ў 2006 годзе ў беларускім заканадаўстве з’явіліся змены, у сувязі з якімі грамадскія аб’яднанні больш не маглі займацца камерцыйнай дзейнасцю. І Управа МГА «Беларускі кнігазбор» прапанавала выканаўчаму дырэктару аб'яднання Генадзю Вінярскаму зарэгістраваць самастойнае выдавецтва «Кнігазбор», якое б працягнула выдавецкую справу «Беларускага кнігазбора». У лютым 2006 года было зарэгістравана ПУП «Кнігазбор», з траўня таго ж года, атрымаўшы ліцэнзію, прадпрыемства распачало самастойную выдавецкую дзейнасць, а грамадскае аб'яднанне пачало займацца выключна каардынаваннем падрыхтоўкі да друку кніг: вырашаць чарговасць выданняў, шукаць укладальнікаў кніг, вырашаць пытанні аб размяшчэнні кнігі ў тое ці іншае выдавецтва.
У кніжным праекце «Беларускі кнігазбор», у якім выйшла ўжо больш за 100 тамоў, прадстаўлены найлепшыя творы мастацкай літаратуры, айчыннага літаратуразнаўства і гістарыяграфіі. Праект складаецца з трох серый: мастацкая літаратура, гісторыка-літаратурныя помнікі і пераклады замежнай літаратуры. Апроч таго, выдавецтва пашырыла кола інтарэсаў – сумесна з партнёрамі ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў» і МГА «Згуртаванне Беларусаў свету "Бацькаўшчына"» рыхтуюцца да друку і выдаюцца кнігі серыі сучаснай літаратуры «Кнігарня пісьменніка», дзіцячая серыя «Каляровы ровар» і кніжная серыя беларускіх эмігрантаў-літаратараў і кніг пра беларускую дыяспару «Бібліятэка Бацькаўшчыны».

lahatyp_2.jpg


Штогод у выдавецтве выходзіць каля ста найменняў кніг. Сярод вядомых беларускіх аўтараў, што выдае «Кнігазбор», гэтакія знаныя імёны, як Віктар Марціновіч, Рыгор Барадулін, Віктар Казько, Уладзімір Някляеў, Алесь Пашкевіч, Барыс Пятровіч, Людміла Рублеўская, Міхась Скобла, Віктар Шалкевіч, Андрэй Хадановіч. Друкуе выдавецтва і маладых аўтараў і не баіцца адкрываць новыя імёны.
Фота з фэйсбука выдавецтва