Беларускія танцы пад Майкла Джэксана (ВІДЭА)

Апантаныя традыцыйнымі беларускімі танцамі маладзёны з Гомеля паказалі на відэа, што нашая танцавальная культура добра кладзецца нават на песні знакамітага поп-спевака Майкла Джэксана.

eto_vse3.jpg


— Гэта была поўная імправізацыя, якую мы выканалі з Аленай Егеравай на аснове характэрных рухаў беларускіх танцаў, — падзяліўся кіраўнік Школы традыцыйнага танца ў Гомелі Дзмітрый Тарасаў.У цэлым там былі чатыры народных танца, якія йшлі ў адвольным парадку — Кракавяк, Грачанікі, Ночка і Базар. Такім чынам мы паказалі групе, што нават сучасная музыка нікуды не сышла ад першапачатковых народных рытмаў. Інструменты могуць быць якімі заўгодна, выканаўцы могуць спяваць усё што заўгодна, а рытмы застаюцца рытмамі.
Таму нават танцуючы пад сучасныя кампазіцыі, можна заставацца традыцыйнымі беларусамі, атрымліваючы пры гэтым задавальненне і выглядаць больш чым годна.
Школа традыцыйнага танца ў Гомелі існуе ўжо тры гады. Першапачаткова яна ўтварылася і дзейнічала на базе Гомельскага філіяла Веткаўскага музея стараверства і беларускіх традыцый.


Пад сваім дахам, школа сабрала людзей розных прафесій, але з агульным цікавасцю — танцавальнай традыцыяй Беларусі. Тут вывучаюць і аднаўляюць сапраўдныя танцы рэальных вёсак, а не харэаграфічныя пастаноўкі. Балазе, матэрыялаў, сабраных у этнаграфічных экспедыцыях работнікамі музея за 40 гадоў назапасілася дастаткова.


Акрамя гэтага, заўсёднікі школы самі рэгулярна ўдзельнічаюць у абрадах, этнаграфічных экспедыцыях і народных гуляннях, таму пераймаюць традыцыю ад непасрэдных яе носьбітаў.
У 2017 годзе ўдзельнікі школы сталі фіналістамі 2-х абласных і аднаго рэспубліканскага конкурсу выканаўцаў народных танцаў, чым пацвердзілі высокі ўзровень у вывучэнні матэрыялу.


На дадзены момант заняткі праходзяць у гомельскай прасторы здаровага развіцця «Атмасфера», па Рэчыцкім праспекце, 108А.

Дыплом за традыцыйныя беларускія танцы ўдзельнікаў школы традыцыйнага танца з Гомеля

Дыплом за традыцыйныя беларускія танцы ўдзельнікаў школы традыцыйнага танца з Гомеля

Далучыцца да сваёй традыцыі праз танец можна па суботах і нядзелях з 15.00 да 17.00.
У суполцы Ўкантакце «Народныя танцы ў Гомелi» можна знайсці інфармацыю аб усіх мерапрыемствах і зменах у графіку працы школы.
Кантактны тэлефон для аматараў традыцыйных танцаў у Гомелі: +375 44 786 95 90 (Дзмітрый Тарасаў).
nashkraj.info