Ці будуць у Гомелі расцяжкі да стагоддзя БНР?

Гомельскі аблвыканкам даслаў адказ на прапанову гомельскіх арганізацыяў БНФ пра ўпрыгожванне Гомеля і іншых гарадоў вобласці святочнымі расцяжкамі і плакатамі з нагоды стагоддзя Беларускай Народнай Рэспублікі.

bnr_7.jpeg

У адказе чыноўнікі пішуць, што прапанова патрыётаў аб адзначэнні даты 25 сакавіка «прынятая да ведама» і адзначаюць, што «дата абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублiкi не з’яўляецца дзяржаўным святам, якія вызначаныя паводле указу, і не прадугледжвае маштабных мерапрыемстваў.

Зварот Гомельскай абласной і Гомельскай гарадской арганізацый Партыі БНФ быў накіраваны ўладам па рашэнні гарадскога аргкамітэту па адзначэнні юбілея БНР, які створаны з удзелам шырокага кола дэмакратычных арганізацый Гомельшчыны.

Намеснік старшыні Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў пракаментаваў прэс-службе Партыі БНФ адказ гомельскіх уладаў:

— Адказ двухсэнсоўны – яго можна тлумачыць і так, і гэтак. Бачна, што мясцовыя ўлады не ў стане схапіць афіцыйную ідэалагічную лінію ў гэтым пытаньні: з аднаго боку, дзяржаўныя газеты і ўніверсітэты ладзяць круглыя сталы і каанферэнцыі з нагоды юбілею БНР, з іншага боку – выразнай ідэалагічнай адмашкі вертыкаль не атрымала. Калі ў Мінску з'явяцца святочныя ўпрыгоджванні ці расцяжкі да стагоддзя БНР – хутка яны з’явяцца і ў Гомелі, і ў іншых гарадах.

Аргкамітэты па адзначэнні стагоддзя БНР паўсталі ва ўсіх абласных цэнтрах, ды ў некаторых іншых гарадах, напрыклад, у Слоніме, у Лідзе. Гэтыя рэгіянальныя аргкамітэты, таксама як і нацыянальны аргкамітэт на чале з акадэмікам Гарцэкім, абралі шлях дылогу з уладамі, намагаючыся давесці да іх важнасць слаўнага юбілею беларускай незалежнасці для ўсіх беларусаў, незалежна ад іх палітычных перакананняў

Але мы бачым, што ў рэгіёнах улады ставяцца да прапановаў аб дыялогу з перасцярогай. Гэты адказ Гомельскага аблвыканкама, таксама як і раней атрыманы адказ Гарадзенскага гарвыканкама, сведчаць: пакуль не будзе дасягнута канструктыўнай дамоўленасці адносна правядзення святочнага мерапрыемства ў Мінску, мясцовыя ўлады ўстрымаюцца ад таго каб далучыцца да святкаваньняў. Нажаль, гэта сведчыць пра несамастойнасьць мясцовых уладаў у Беларусі, — сказаў намесьнік старшыні Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў.