Беларускі пісьменнікі расказалі, якое каханне яны лічаць ідэальным

24 красавіка ў літаратурным музеі імя Максіма Багдановіча сучасныя беларускія літаратары падзяліліся тымі гісторыямі кахання, што натхняюць іх на жыццё і творчасць.



kufar_hanny_kakujevaj_logo.jpg

Куфар Ганны Какуевай

Падставай для гэтай імпрэзы стала атрыманне з Санкт-Пецярбурга сапраўднага куфара, які калісьці належаў Ганны Какуевай — музе Максіма Багдановіча. 24 красавіка якраз споўнілася 125 год са дня нараджэння Ганны.

Беларускім пісьменнікам і паэтам было прапанавана расказаць пра тое каханне, якое выклікае ў іх захапленне, адбіваецца ва ўласнай творчасці. На працягу імпрэзы, творцы неаднаразова прызнаваліся, што пра такое казаць цяжка. Уладзь Лянкевіч наогул заклікаў “не займацца чужымі каханнямі”. Але пісьменнікі не разгубіліся і, прачытаўшы штосьці з уласнай творчасці, смела расказвалі тыя гісторыі, якія іх натхняюць.

adam_globus_logo.jpg

Адам Глобус

Адама Глобуса найперш кранае гісторыя кахання яго бацькоў. Пісьменнік расказаў гледачам аповед пра тое, як ён аднойчы пабачыў брудныя чаравічкі на нагах яго маці (гэта было адразу пасля смерці бацькі). Пасля яго пытання “мама, чаму ў цябе брудныя чаравікі?”, ён пачуў адказ: “Мне чаравікі чысціў заўсёды бацька”. Натхнялі Адама Глобуса і яго суседзі, асабліва калі імі з’яўлялася сям’я Караткевіча.

uladz_ljankev_ch_logo.jpg

Уладзь Лянкевіч

Уладзь Лянкевіч яшчэ з дзяцінства захапляецца такім музыкам, як Джым Морысан. І за самую шчымлівую гісторыю кахання ён узяў гісторыю кахання Морысана з Памэлай Картсан. На думку Уладзя, вельмі важна, каб каханы разумеў тваю сутнасць, не зважаючы на тое, як да цябе ставяцца ўсе астатнія людзі. Менавіта так рабіла рудавалосая Памэла, якая казала Морысану: “Які ж ты музыка? Ты павінен быць паэтам”.

m_ha_l_barano_sk__logo.jpg

Міхаіл Бараноўскі

МіхаілаБараноўскага найперш цікавяць каханне Максіма Багдановіча, але не канкрэтнае стаўленне да пэўнай дзяўчыны, а яго адносіны да дзяўчат наогул. Другое каханне, якім захапляецца творца, — гэта каханне Уладзіміра Караткевіча і Ніны Молевай, прататыпа Ірыны са знакамітага рамана “Нельга Забыць”. Міхаіла зачапіла тое, што да прыходу ў Літаратурны Інстытут і да знаёмства з Нінай, Караткевіч быў досыць разбэшчаным і самаўпэўненым. А Ірына змагла змяніць пісьменніка. 

al_gerd_baharev_ch_logo.jpg

Альгерд Бахарэвіч

Альгерд Бахарэвіч захапляецца каханнем Норы Барнакл і Джэйса Джойса, аўтара вядомага “Уліса”. Пісьменніка ўразіла, што Нора, будучы каталічкай, жыла з алкаголікам-раўніўцам Джэйсам па-за шлюбам некалькі дзясяткаў гадоў, пераязджаючы з адной еўрапейскай краіны ў другую. У адрозненні ад іншых жонак творцаў, Нора, ніколі не разумела, чым займаецца Джэймс. Аднойчы яна сказала яму: “Джэймс, напішы што-небудзь нармальнае”.

jul_ja_c_mafeeva_logo.jpg

Юлія Цімафеева

Паэтка і перакладчыца Юлія Цімафеева распавяла гісторыю, якая ўразіла яе найперш у літаратурнай праяве. Юлія зачытала кавалак ліставання Франца Кафкі і чэшскай перакладчыцы Мілены Ясенскай. Бачыліся каханыя толькі два разы ў жыцці, таму іх пачуцці развіваліся ў пісьменным выглядзе. Гэтыя ліставання пэўным чынам і адбіліся ў творчасці Юліі Цімафеевай.

v_ka_trenas_logo.jpg

Віка Трэнас 

ВікаТрэнас мяркуе, што ў сучасным каханні бракуе вернасці. Верным каханнем яна лічыць Іосіфа Бродскага да Марыны Басманавай. Пакахаўшы Марыну ў 21 год, Бродскі усё жыццё прысвячаў ёй вершы, пасля выкрэсліваў прысвячэнне, а потым зноўку яго вяртаў. Зрэшты, ён пабраўся шлюбам з маладой дзяўчынай, якая знешне надзвычай нагадвала Марыну.

georg_j_bartash_logo.jpg

Георгій Барташ 

Георгій Барташ распавёў гісторыю малавядомага Аляксандра Каніцкага, які быў удзельнікам паўстання 1830 года. Георгія прывабіла гэта гісторыя таму, што гэта быў раман двух літаратараў, на працягу стасункаў якіх абодва дасягнулі поспехаў у тагачаснай літаратуры.

Хоць нашы сучасныя паэты і пісьменнікі не вельмі хацелі дзяліцца ўлюблёнымі гісторыямі кахання, але затое зараз чытачы ведаюць, адкуль бяруцца тыя ці іншыя матывы ў іх творчасці.