Ці добра мы валодаем культурай колеру?

Наколькі добра ведаем гісторыю і ролю колераў у сваёй традыцыі? Лятучы ўніверсітэт запрашае паразважаць пра гэта 24 сакавіка ў галерэі Беларускага саюза дызайнераў падчас круглага стала «Культура колеру. Колер у культуры».

bw1.jpg

Колер як феномен культуры, як маркер пэўнай культурнай традыцыі, як сродак і спосаб яе развіцця… Колер у дызайне,  літаратуры,  у камунікацыі, рэкламе, палітыцы — вывучэнне і выкарыстанне колеру як функцыянальнага інструмента ў розных сферах дзейнасці становіцца сёння актуальнай тэмай міждысцыплінарных даследаванняў. Наколькі добра мы валодаем культурай колеру? Наколькі добра ведаем гісторыю і ролю колераў у сваёй традыцыі?

Лятучы ўніверсітэт у межах міжнароднага праекта па развіцці культурнай спадчыны CHOICE запрашае да разважання пра актуальнае становішча каларыстычнай культуры ў Беларусі і перспектывы зменаў на гэтым полі. Круглы стол “Культура колеру. Колер у культуры” адбудзецца 24 сакавіка, у дзень закрыцця выставы Міхала Анемпадыстава “Колер Беларусі” ў галерэі Беларускага саюза дызайнераў на Брылеўскай, 14, пачатак а 18.00.

Разам з аўтарам выставы і запрошанымі экспертамі — Вольгай Лабачэўскай, Тодарам Кашкурэвічам, Ленінай Міронавай, Элінай Шындлер, Дзмітрыем Сурскім — прапануем закрануць некаторыя аспекты гэтай тэмы: актуалізацыя традыцыі і ведаў, непарыўнасць, пераемнасць беларускай традыцыі, пераасэнсаванне зместу ў адпаведных нашаму часу формах;  колер і сучасныя тэхналогіі; метадалогія даследаванняў па каларыстыцы — навуковы, творчы, рэканструктыўны падыходы; культура колеру і сучасная адукацыя ды іншае. Мадэруе сустрэчу Тацяна Вадалажская.

Па заканчэнні гутаркі запрашаем на нефармальную частку “Колер беларускага фры-джазу”, атмасферу і настрой якой створаць спантанныя імправізацыі ансамбля Віктара Сямашкі “Фантастычныя Плыўцы”. Jam session пачнецца а 20.00.

Уваход вольны!

Гэтымі падзеямі завершыцца выстава “Колер Беларусі” у Мінску. Але наперадзе яшчэ прэзентацыя аднайменнай кнігі — сачыце за навінамі на сайце Лятучага ўніверсітэта.