Cinema Weekend: Час кінаадкрыццяў ад velcom
У суботу 10 снежня ў мінскім кінатэатры Falcon Club (прасп. Пераможцаў, 20) разгортваецца адна з галоўных падзей фэсту мабільнага кіно velcom Smartfilm – Cinema Weekend.

Фэст праходзіць ужо ў шосты раз. Галоўная адметнасць гэтага году — фэст здабыў статус міжнароднага! Адпаведна і праграма пашырана і больш насычана — адразу ў трох залах ладзяцца аўтарскія майстар-класы, адмысловыя кінапаказы, займальныя кінаквізы, праходзяць лекцыі і сустрэчы з рэжысёрамі і сцэнарыстамі.
Пра адкрыццё фэсту: Smartfilm: свабодны палёт
Сённяшняя праграма разлічана не толькі на кінаманаў, але і на тых, хто робіць першыя крокі альбо задумваецца над тым, каб здымаць сваё кіно ды не ведае «з чаго пачынаць». І сёння з імі дзеляцца сваім досведам адмыслоўцы ў розных галінах кінаіндустрыі. Адзін з запрошаных гасцей — расійскі кінарэжысёр, сцэнарыст і акцёр Юрый Быкаў, лаўрэат прэміі «Ніка», фільмы якога не аднойчы атрымлівалі прызы на кінафестывалях «Кінатаўр», на міжнародных кінафестывалях у Маскве, Шанхаі, Канах, Варшаве.

Кінаквіз (арганізаваны камандай Good People)
Праграма майстар-класаў прадстаўлена досыць шырока: рэжысура, напісанне сцэнарыя, акцёрскае майстэрства, гукавыя сістэмы (для гукарэжысёраў), мантаж, працэсы кінавытворчасці (тры этапы: падрыхтоўчы, здымачны, мантажна-таніровачны), змена кадраў (якія кадры лепш выкарыстоўваць у кіно, у motion-дызайне, у рэкламе).

Майстар-клас па стварэнні відэа ў фармаце 360°
Для аматараў тэхналагічных навінак арганізаваны майстар-клас па VR (віртуальная рэальнасць), які правядуць спецыялісты ад Samsung і Feeling Films (адны з лідараў у развіцці відэа ў фармаце 360° у Беларусі) і навучаць здымцы панарамнага кіно ў мабільным фармаце і працы з тэхналогіямі віртуальнай рэальнасці.

Між іншым, падчас майстар-класа па стварэнні відэа ў фармаце 360° у жадаючых ёсць рэдкая магчымасць акунуцца ў свет 360° з дапамогай гарнітуры віртуальнай рэальнасці Samsung Gear VR. Як высветлілася падчас майстар-класа, дадзеная тэхналогія не такая ўжо і навінка, і нарэшце яна дайшла і да нас. У чым яе сэнс? Праекцыю 4К (стандарт для дадзенай тэхналогіі) адмысловая праграма згортвае ў сферу, падобную глобусу. З тэхнічнага пункту гледжання — ніякай фантастыкі. Сёння на рынку ўжо існуе тып камер, які адразу дазваляе здымаць сферычныя выявы. Але тут трэба ўлічваць тэхнічныя характарыстыкі. Так, для камеры Samsung Gear 360° патрабуецца тэлефон на базе Android 4.4 з аператыўкай 1,5 Гб. І яшчэ адзін момант — здымкі 360° варта глядзець ў віртуальным шаломе. Бо пры праглядзе на камп’ютары абмежаванне рамкі выявы, не дае той эфект аб’ёмнасці.

Таксама арганізаваны кінапаказы з наступным абмеркаваннем: фільмаў маладых рэжысёраў, прац фэсту Kinosmena, фільма «Невядомая» — апошняй працы двухразовых уладальнікаў «Залатой пальмавай галіны» братоў Дардэннаў, якая стала самай супярэчлівай падзеяй Канскага фэсту гэтага года.

Майстар клас па рэжысуры; рэжысёр Ігнат Качан
Апроч таго, чакае госцяў Cinema Weekend і адмысловы тэматычны кінаквіз (камандныя спаборніцтвы на эрудыцыю і кемлівасць у барацьбе за званне лепшага кінамана), арганізаваны камандай Good People, вядомай па гульні «Кінатрэк». Падчас конкурсаў трэба за адведзены час (напрыклад, за хвіліну) адгадаць фільм па постэру, па цытаце з яго, па фота рабочага моманту са здымак, адгадаць з 4-х кадраў назву фільму і адгадаць пры гэтым лішні кадр, адгадаць фільм па відэаўрыўку.

Удзельнікі кінаквіза на ўзнагароджанні
Уваход на ўсе мерапрыемствы бясплатны, насычаная праграма дня распісана да 22 гадзін. адзінае што – варта загадзя зарэгістравацца на сайце smartfilm.by і запісацца на адмысловыя мерапрыемствы. Там жа можна даведацца больш падрабязна пра расклад мерапрыемстваў. Але праграма фэсту Smartfilm на гэтым не сканчаецца — 21 снежня для тых, хто жадае рэалізаваць ці паспрабаваць сабе ў кінакрытыцы, слушныя парады змогуць даць, тыя, хто сябе ўжо зарэкамендаваў на гэтай ніве: культуролаг і кінааналітык Максім Жбанкоў, кінакрытык Антон Сідарэнка і адмысловы госць з Расіі — журналіст, кінааглядальнік, трохразовы лаўрэат прэміі гільдыі кіназнаўцаў і кінакрытыкаў Расіі, аўтар пяці кніг Антон Долін.
