Дзяцей — лаўрэатаў міжнародных музычных конкурсаў пазбавілі магчымасці вучыцца

Інтэрнат каледжа-гімназіі пры Дзяржаўнай акадэміі музыкі ў Мінску 1 верасня не адчыніўся, а яго насельнікаў, палова з якіх з’яўляецца лаўрэатамі міжнароных і беларускіх конкурсаў, пазбавілі месца пражывання.



stop_obraz.jpg

Бацькоў прымусілі напісаць заявы, што іх дзеці будуць навучацца па індывідуальным графіку. Ён заключаецца ў тым, што два разы на тыдзень дзеці прыязджаюць у Мінск да настаўніка музыкі, а астатнія веды атрымліваюць па электроннай пошце, паведамляе прэс-служба БХД.

«Дзяцей са звычайнай якаснай адукацыі перавялі на дыстанцыйнае», — кажуць бацькі.

Як паведамляе БХД, прадстаўнікі Міністэрства культуры, якія прыязджалі на сустрэчу з бацькамі, па-хамску заявілі, што інтэрнат знаходзіцца ў аварыйным стане і таму зачынены назаўжды. Але ж бацькі мяркуюць, што сапраўдная прычына закрыцця ў тым, што будынак знаходзіцца ў зручным месцы ў цэнтры Мінска – на скрыжаванні вуліц Багдановіча і Кісялёва, і яго нехта запрыкмеціў.

Міністэрства і рэктар Акадэміі музыкі далі бацькам «выбар»: альбо дзяцей засяляюць у будынак былой школы, перароблены ў начлежку для часовога перабывання турыстаў, альбо пасяляюць іх — пераважна дзяўчынак 13-14 гадоў — у інтэрнат для працоўных. Як будуць жыць разам дзяўчынкі і дарослыя мужчыны, улады не хвалюе. Больш за тое, ніводны з будынкаў не прыстасаваны для навучання музыкай. Калі ў былым інтэрнаце ў кожным пакоі стаяла піяніна і былі асобныя пакойчыкі для заняткаў, то тут гэтага няма.

Зараз бацькоў дзяцей па адным выклікаюць і прымушаюць напісаць заявы, што яны згодныя, каб іх дзяцей засялілі ў турыстычны хостэл.

На наступным тыдні бацькі навучэнцаў збіраюцца правесці ўласны сход, каб вырашыць, што рабіць далей. На чыноўнікаў у іх спадзеваў ужо няма. «Фактычна дзяцей пазбавілі магчымасці вучыцца. Яны стала ездзілі на гастролі, выйгравалі конкурсы, прадстаўлялі Беларусь за мяжой, а цяпер іх навучанне перакрэсліваюць», — кажуць бацькі.