Павал Севярынец і Уладзімір Шаравар прэзентавалі кнігі ў Салігорску (фота)
16 верасня ў Салігорску адбылася прэзентацыя адразу трох кніг на беларускай мове. Былы палітвязень і сустаршыня БХД Павел Севярынец прэзентаваў"Беларускую глыбіню” — зборнік 84 эсэ, напісаных у 2011-2013 гадах падчас адбыцця пакарання за Плошчу.

Беларускі паэт і грамадскі дзеяч Мікалай Шаравар прадставіў кнігу вершаваных твораў"У пагодзе часу”. У зборнік, прысвечаны змагарам за адраджэнне нацыі, вайшлісанэты, балады, вершы, акравершы, трыалеты, а таксама 13 паэм.
Другая прэзентаваная кніга Мікалая Лазаравіча — "Аб стане ідэнтыфікацыі нацыі" — змяшчае навуковы трактат з аднаіменнай назвай. У кнігу таксама вайшлі артыкулы, якія друкаваліся на працягу апошніх некалькіх гадоў ў газетах "Народная воля”, "Наша слова” і рэгіянальных газетах Случчыны.
Госці прэзентацыі выказалі шчырую салідарнасць з братнім народам Украіны ў іх барацьбе супраць расейскіх акупантаў, а таксама ўзгадалі зніклых і забітых праціўнікаў рэжыму ў Беларусі:Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Дзмітрыя Завадскага, Юрыя Захаранку, Генадзя Карпенку.
На прэзентацыі прысутнічалі былы палітвязень савецкага часу Уладзімір Амельчэня, журналістка і грамадская актывістка Ларыса Насановіч, прадстаўнікі БХД, ТБМ і гэтак далей.
Сустрэча адбылася на сядзібе сябра аргкамітэту БХД, вядомага грамадскага актывіста Уладзіміра Шылы ў дзень, калі прайшлі некалькі ператрусаў на кватэрах салігорскіх актывістаў.
Па традыцыі, на зваротным шляху з Салігорска ў Мінск машына, у якой ехаў Павал Севярынец, была спынена супрацоўнікамі ДАІ, якія са словамі: "Ну вы же понимаете..." праверылі багажнік і дакументы кіроўцы.







