Фестываль інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA — вяртаецца!
Фестываль інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA адкрыў збор заявак на ўдзел у фестывалі ў 2022 годзе. Апошні раз падзея праходзіла ў кастрычніку 2020-га ў Мінску. Цяпер арганізатары анансуюць фестывальныя дні ў чэрвені 2022-га ў Тбілісі, Кракаве, Варшаве і Вільні. Цэнтральнай тэмай фестывалю стане паняцце дома.
PRADMOVA – гэта пляцоўка для камунікацыя паміж удзельнікамі літаратурнага працэсу і кніжнай сферы: выдаўцамі, аўтарамі, рэдактарамі, ілюстратарамі, дызайнерамі і чытачамі. Традыцыйна ў фестывалі прымаюць удзел найлепшыя беларускія і замежныя пісьменнікі, а праграма складаецца з дзясяткаў мерапрыемстваў розных фарматаў: лекцый, дыскусій па філасофіі, гісторыі і літаратуры, прэзентацый кніг, цырымоній узнагароджання літаратурных прэмій, мастацкіх выстаў. Важнай часткай кожнага фестывалю становіцца кніжны кірмаш. PRADMOVA праводзіцца з 2018 года.
Да ўдзелу ў фестывалі запрашаюцца пісьменнікі, паэты, філосафы, журналісты, музыканты – усё, чыё жыццё звязана з літаратурай і выдавецкай дзейнасцю. Арганізатары чакаюць прапаноў на мерапрыемствы не толькі ў афлайн, але і ў анлайн. У 2022 годзе PRADMOVA адбудзецца ў фармаце аднадзённых фестываляў у Тбілісі — 4 чэрвеня, Кракаве — 11 чэрвеня, Варшаве — 18 чэрвеня, Вільні — 25 чэрвеня.
Падаць заяўку на ўдзел можна да 25 красавіка ўключна. Больш інфармацыі пра ўмовы ўдзелу і форма заяўкі па спасылцы.